Памёр галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Пучынскі
Цяжка ў гэта паверыць – на 51-м годзе жыцця ад каронавіруса памёр Уладзімір Пучынскі – галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты”.
Сумную вестку паведаміў у сваім фэйсбуку экскурсавод і музейнік Павел Каралёў:
“Сёння ўночы з-за каронавіруса памёр Уладзімір Пучынскі — журналіст, шмат год працаваў у тэме краязнаўства, супрацоўнік “Краязнаўчай газеты” (апошнім часам галоўны рэдактар). Светлая памяць”.
Яго маглі б выратаваць, але ў Менску не аказалася для Уладзіміра месцаў на кісларод і яго павезлі на Мядзельшчыну, дзе ён і памёр.
Які выдатны гэта быў чалавек, энтузіяст, краязнавец. Ён ведаў усіх краязнаўцаў Беларусі, сябраваў з імі, перапісваўся, публікаваў іх артыкулы на старонках адзінай у рэспубліцы газеты для краязнаўцаў.
Уладзімір быў шчырым чалавекам, пунктуальным, адукаваным. Ён ведаў сваю справу, ажыццяўляў яе прафесійна і натхнёна. Як жа мы, краязнаўцы, будзем без яго цяпер?..
Пахаваюць Уладзіміра Пучынскага на яго радзіме на Міёршчыне Віцебскай вобласці. Няхай яму зямля будзе пухам.
Беларускае Радыё Рацыя
