Ад моцнага ветру ў Беларусі пацярпелі 25 населеных пунктаў



За суткі (з 6.00 14 сакавіка да 6.00 15 сакавіка) ад моцнага ветру, парывы якога дасягалі 27 метраў за секунду, пацярпелі 25 населеных пунктаў у сямі раёнах Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай абласцей, паведамляе прэс-служба МНС.

Пашкоджаныя дахі аднаго жылога дома, трох аб’ектаў сацкультбыту, аднаго вытворчага і 23 сельскагаспадарчых будынкаў. Зафіксаваныя 47 выпадкаў падзення дрэў у Берасцейскай (1), Віцебскай (1), Гарадзенскай (27), Менскай (5) і Магілёўскай (3) абласцях, у Менску (10), у выніку якіх пашкоджаныя тры легкавыя аўтамабілі. Пацярпелых няма. Вядуцца аднаўленчыя работы.

Паводле звестак ДВА „Белэнерга”, на працягу сутак на тэрыторыі рэспублікі перыядычна парушалася электразабеспячэнне 686 населеных пунктаў, 98 сельскагаспадарчых будынкаў і 2.614 трансфарматарных падстанцый. На раніцу 15 сакавіка электразабеспячэнне спажыўцоў адноўленае.

Паводле ўдакладненых дадзеных, з прычыны парываў ветру (да 26 м/с) 12 сакавіка пацярпелі 88 населеных пунктаў у 23 раёнах Берасцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласцей. Пашкоджаныя дахі 6 жылых дамоў (1 адноўлены), 1 вытворчага і 123 сельскагаспадарчых будынкаў (8 адноўленыя). Працягваюцца аднаўленчыя работы.

belapan.by