Адбыўся форум “Хто стварае Гомель”



“У гомельцаў з’явілася магчымасць для інфармацыйнага ціску і працы з грамадскай думкай”. – Такую галоўную рысу сучаснай грамадзянскай супольнасці вызначыў дырэктар установы “Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ” Пятро Кузняцоў. Падчас Форуму “Хто стварае Гомель” актывіст і стваральнік сайта “Моцныя навіны” параўнаў стан грамадзянскай супольнасці цяпер і дзесяць гадоў таму.

– Тыя праблемы, для вырашэння якіх раней, дзесяць гадоў таму, маглі спатрэбіцца нейкія грамадскія кампаніі са зборам тысяч подпісаў, прыцягненне вялікай колькасці актывістаў, правядзенне мітынгаў і г.д., зараз могуць быць вырашаны проста амаль імгненна, калі праблема ўздымаецца да ўзроўню агульнага грамадскага дыскурсу і грамадская думка рэагуе, адпаведна хутка пачынае рэагаваць улада. Раней гэтага не было.

Каардынатар праекта “Гарадскія сходы ГДФ” Яна Усціненка гаворыць, што форум праходзіць у Гомелі ўпершыню. Паводле актывісткі, на мерапрыемстве сустрэліся прадстаўнікі медыя, грамадскіх ініцыятыў, эксперты і маладыя гомельцы, каб абмеркаваць, як ствараць Гомель.

– Праект існуе ўжо 2 гады, але мы ні разу не праводзілі вялікіх мерапрыемстваў, місія якіх была найперш каб з’яднаць людзей, пазнаёміць, паразмаўляць пра істотныя для горада праблемы. Мы хацелі прааналізваць, што было зроблена за апошнія 2 гады грамадствам і медыямі, як змяніліся камунікацыі паміж гэтымі бакамі і мясцовай уладай.  

Форум “Хто стварае Гомель” праходзіў у межах праекта “Гарадскія сходы ГДФ”. Сярод экспертаў мерапрыемства выступілі кансультант міжнароднай арганізацыі Pact Юнэля Сальнікава, чальцы youtube-праекта “Ротарная жатка”, старшыня мясцовай філіі ТБМ Алеся Аўласевіч, адзін з кіраўнікоў руху “ВелаГомель” Сяргей Дашкевіч.

Беларускае Радыё Рацыя