„Адкрыты Жнівень”: інтэгравацца і зламаць штучныя бар’еры



У Менску распачаўся інтэграцыйны фестываль „Адкрыты Жнівень”. Урачыстае адкрыццё і вялікі канцэрт з удзелам знаных каманд, сярод якіх  Drum Ecstasy ды гурт Naka прайшоў чацвёртага жніўня на  пляцоўцы ВЕРХ.

Пра мэты фестывалю распавяла арганізатарка і супрацоўніца дома-інтэрната Дар’я Яскевіч:

„Існаванне дамоў-інтэрнатаў – гэта з’ява, характэрная не толькі для Беларусі і постсавецкай прасторы, яна характэрная і для іншых краін Еўропы. Але ёсць вельмі моцная розніца: у нас гэта нешта даволі штучнае і  непрыемнае, а ў многіх іншых краінах – гэта частка прасторы грамадства альбо культурнай прасторы. Я добра разумею, што зараз мы не маем магчымасці цалкам адмовіцца ад такіх дамоў-інтэрнатаў, але з цягам часу яны могуць стаць часткай гарадской прасторы, а гэта азначае – больш адкрытымі. Гэты фестываль і паказвае гэтую адкрытасць да ўсяго свету. Праблема насамрэч двухбаковая: не толькі дамы-інтэрнаты зачыненыя, але і звычайныя грамадзяне не вельмі чакаюць людзей з асаблівасцямі, тым больш ментальнымі. Гэты фестываль для таго, каб было яднанне. Паразмаўляем ды патанчым разам і будзе ўжо трошачку лепей”.

Трэці год культурна-інтэграцыйны праект „Адкрыты Жнівень” аб’ядноўвае звычайных і асаблівых людзей – жыхароў псіханеўралагічнага дома-інтэрната №3.

„Я патрапіў у гэтую закрытую тэрыторыю інтэрната, пагуляў у футбол з пяцігадовымі дзядзькамі. Яны мяне запомнілі, вельмі любяць, называюць вялікім чалавекам. Хацеў адразу прывесці туды нейкія праекты сваіх сяброў. Атрымалася так, што адзін чалавек кажа – „у мяне зламалася машына”, іншы прызнаецца, што проста не хоча туды ехаць. Тады я зразумеў, што неабходны інклюзіўны праект у два бакі. Сацыяльныя зносны – гэта першае ў чым жыхары інтэрната маюць нястачу. З іншага боку – гэта і для звычайных людзей, каб яны проста прыйшлі і пабылі разам у адной прасторы з кімсьці, хто троху адрозніваецца, каго не варта баяцца ды мець нейкія ментальныя перасцярогі. Мяркуючы па адкрыцці фестываля – беларускае грамадства мае шмат страхаў, але яшчэ не позна іх парушыць”, – адзначае ўдзельнік і адзін з арганізатараў вечарыны, перформер Ілля Сін.

Алесь Плотка далучыўся да фестывалю з паэтычнымі перакладамі ўкраінскага паэта Іздрыка:

„Гэта добра, што мы такімі імпрэзамі і такімі пытаннямі ўвогуле задаемся. У нас любыя нестандартныя колы людзей цяжка прымаюцца ў грамадстве. Можа быць таму розныя творцы на гэты фэст так і адгукнуліся. У „нармальных” людзей прынята і творцаў лічыць за дзівакоў і  вар’ятаў.  Таму мы і разумеем, што такое быць у пэўнай ступені не такім як усе. Хацелася б больш узаемадзейнічаць з такімі ініцыятывамі, калі ад нас ёсць нейкая карысць”.

Атмасферным ды рытмічным завяршэннем  канцэрта стаў выступ гурта Drum Ecstasy.

Мерапрыемствы фестывалю „Адкрыты Жнівень” будуць праходзіць цягам усяго апошняга месяца лета, у тым ліку частка з іх плануецца на базе самога псіханеўралагічнага дома-інтэрната №3. Арганізатары спадзяюцца, што беларусам хопіць моцы пераадолець свае стэрэатыпы і страхі ды насалодзіцца атмасферай роўнасці і павагі, зразумець людзей, якія думаць ды жывуць іначай і якім таксама хочацца быць пачутымі і прынятымі.

Падрабязней пра фестываль „Адкрыты Жнівень” у далучаным гукавым файле:

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск.