Адмена Дэкрэта №3 стане прыкладам змагання за свае правы



Адмяніць так званы дэкрэт аб дармаедах – самае лагічнае рашэнне, як кажа палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі. У Беларусі супраць Дэкрэта №3 «Аб папярэджаніі сацыяльнага ўтрыманства» ў некалькіх буйных гарадах прайшлі акцыі пратэстаў, таксама рыхтуюцца чарговыя. Пераважна гучаць эканамічныя патрабаванні, але бачым і іншыя тэндэнцыі, заўважае Аляксандр Класкоўскі.

– Пратэсты палітызаваліся, матыў закранутай годнасці таксама гучыць. Крытыка ўлады ўвогуле гучыць і з-за адсутнасці рэформаў, і з-за адсутнасці справядлівых выбараў. Шмат што залежыць ад далейшых дзеянняў улады. Самым разумным, смелым, нават прыгожым рашэннем было б скасаванне гэтага дэкрэта. Гэта сведчыла б акурат пра мудрасць і сілу ўлады, а не пра яе слабасць. Але наверсе могуць думаць іначай.

Дэкрэт не адменяць, дадае палітычны аналітык Святлана Калінкіна, каб не дазволіць беларусам адчуць сябе пераможцамі.

– Арганізацыя пратэстаў – гэта вельмі далікатная рэч. Хоць калі Аляксандр Лукашэнка дэкрэт адменіць, гэта стане прыкладам таго, як трэба змагацца за свае правы. Я думаю, што адмена пакуль не адбылася якраз з той прычыны, каб не даваць людзям нейкага алгарытму пераможных дзеянняў.

У рэгіёнах міліцыя цісне на ўдзельнікаў пратэстных акцый: іх запрашаюць у пастарункі, дзе складаюць завочна пратаколы за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Актывісты, у сваю чаргу, падкрэсліваюць, што такімі дзеяннямі ўлады толькі падкрэсліваюць свой страх перад пратэстамі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя