Адміністрацыйная справа Сцяпана Дубчука чарговы раз працягнута



Адміністрацыйная справа жыхара вёскі Малыя Прылукі Сцяпана Дубчука чарговы раз працягнута ў судзе Кобрыньскага раёна. 4 студзеня адбудзецца чарговы – чацвёрты па ліку працэс.

Суддзя Пятро Цімашэнка вырашыў выслухаць яшчэ аднаго сведку з райвыканкама. Таму што прысутныя ў судзе двое прадстаўнікоў улады так і не маглі адказаць, ці было дазволенае мерапрыемства 7 лістапада. Кіраўнік справамі Валянціна Парфенюк ведае толькі, што яно было запланаванае.

Кажа Валянціна Парфенюк:

– На кожны год складаецца план работы райвыканкама, дзе пазначаны асноўныя грамадска-палітычныя і культурна-масавыя мерапрыемствы. І, як правіла, кожны год на лістапад ставім мерапрыемствы, прысвечаныя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Сцяпан Дубчук працягвае настойваць на сваёй невінаватасці.

Паколькі ўдзельнічаў у дзяржаўным мерапрыемстве з гістарычным лозунгам, які актуальны да гэтага часу: “Зямля – сялянам! Калі?”

– Гэта першы лозунг, пад якім адбылася гэтая рэвалюцыя. Вось 100 гадоў і абяцаюць зямлю палітыкі. А ніхто не дае. Вось і выйшлі нагадаць. У чым тут крымінал?

Паводле Сцяпана Дубчука, ён 3 гады просіць у мясцовых чыноўнікаў тры гектары зямлі. Цяпер ён гаспадарыць на трох гектарах зямлі разам з маці, якой выдзелілі зямлю яшчэ ў 90-я. На гэтых трох гектарах  пладаносіць  сад з грэцкіх арэхаў, абрыкосаў і чарэшні. Сцяпан хацеў бы пашырыць справу – дык не даюць.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя