Адтэрміноўка ў армію будзе давацца толькі адзін раз



Дэпутат Ганна Канапацкая апублікавала ў сваім тэлеграм-канале законапраект пра змены ў правілы прызыву на тэрміновую ваенную службу.

Паводле яе слоў, гэты законапраект унесены Саветам міністраў у Палату прадстаўнікоў у тэрміновым парадку і плануецца да прыняцця ў двух чытаннях на цяперашняй сесіі.

Згодна з законапраектам адтэрміноўка прызыву ў армію даецца толькі адзін раз, для атрымання сярэдняй або вышэйшай адукацыі I ступені. Для далейшага навучання ў магістратуры або аспірантуры адтэрміноўка не даецца, за выключэннем асоб, якія навучаюцца па накіраванні дзяржаўных органаў.

Таксама законапраект прапаноўвае зрабіць падставай для адмовы ў прыёме на дзяржаўную службу непраходжанне ваеннай службы па прызыве, не маючы на тое законных падстаў. Такія грамадзяне будуць пазбаўлены магчымасці працаўладкавання ў органы ўнутраных спраў, органы фінансавых расследаванняў і надзвычайных сітуацый.

„Мяне абурае гэтая тэрміновасць і спешнасць. З майго пункту гледжання, улады перакладваюць праблемы. Гэта іх праца, знайсці прызыўніка. А калі яны не могуць гэтага зрабіць, то прызнаецца, што чалавек ухіліўся, і мы караем яго на ўсё жыццё, пазбаўляючы права працы на дзяржслужбе”, — заявіла Канапацкая БелаПАН, каментуючы законапраект.

Паводле дадзеных Мінабароны, за апошнія 10 гадоў колькасць прызыўнікоў у краіне зменшылася амаль удвая. На гэты момант у Беларусі даюць 47 відаў адтэрміновак. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у СНД.

Нагадаем, магчымыя змены ў пытаннях прызыву ў армію Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў 26 лютага на нарадзе з пастаяннымі членамі Савета бяспекі.

Лукашэнка адзначыў, што некаторыя меры для змены сітуацыі ўжо прынятыя: у мінулым годзе былі адменены адтэрміноўкі для шэрагу катэгорый, у тым ліку пракурорскім работнікам і судмедэкспертам. Адначасова ён заявіў, што гэтыя меры не прынеслі жаданага выніку, а 80% прызыўнікоў вызваляюцца ад службы ў арміі для працягу адукацыі ў ВНУ.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ўрад падрыхтаваў праект дакумента для вырашэння праблемы камплектавання Узброеных сіл. Паводле яго слоў, плануецца ўвесці меры, „якія спрыяюць павышэнню адказнасці за ўхіленне ад службы, а з іншага боку — зацікаўленасці грамадзян у выкананні воінскага абавязку”.

„Трэба мець на ўвазе, што за адзін раз нам будзе цяжка прыняць усе рашэнні. Хоць у нас і ёсць праблема з камплектаваннем Узброеных сіл, тым не менш яна не катастрафічная. Гэта дае нам магчымасць ісці крок за крокам, прымаючы рашэнні па дасягненні канчатковай мэты”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, таксама неабходна падумаць над абмежаваннямі, звязанымі са станам здароўя прызыўнікоў. „Прынцып тут адзін: хлопец не павінен служыць у арміі, калі ў яго сапраўды ёсць сур’ёзныя медыцынскія супрацьпаказанні для нясення службы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by