Агляд прэсы: і кулі не страшаць



Еўрапейскія выданні зноў захапляюцца беларусамі, якія нягледзячы на ўсе пагрозы працягваюць выходзіць на вуліцы і пратэстуюць супраць крывавага дыктатара. А ў Францыі заклапочаныя радыкалізацыяй ісламістаў, прычым тыя часта ніяк не звязаныя з „Ісламскай дзяржавай”. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Тысячы людзей выйшлі на акцыю пратэсту, нягледзячы на пагрозы міліцыі адкрыць агонь баявымі патронамі. Такія пагрозы прагучалі днямі. Ужо 10-я выходныя запар беларусы праходзяць шматтысячнымі маршамі супраць Лукашэнкі, піша „Франс-Прэс”. Пратэстоўцы скандавалі „Страйк!” і „Сыходзь прэч ты і твой АМАП!”, што было адрасавана непасрэдна дыктатару, які ўжо 26 гадоў трымаецца ва ўладзе і не збіраецца саступаць яе нікому. Натоўпы дэманстрантаў размахвалі бел-чырвона-белымі сцягамі, праходзячы па Менску на фоне моцнай прысутнасці сілаў бяспекі. „Назад шляху няма”, — заявіла пратэстоўца Анжэла Красоўская. „Калі яны пачнуць страляць, тады на вуліцах будзе яшчэ больш людзей”, — дадала яна. Падчас нядзельных пратэстаў было арыштавана больш за 200 удзельнікаў маршу, паведаміла агенцтву „Франс-Прэс” сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Вольга Чамаданава, дадаўшы, што большасць затрыманняў адбылася ў Менску. Выявы з сацыяльных сетак паказалі, як сілы бяспекі разгортваюць вадамёты і перакрываюць вуліцы калючым дротам і цяжкай тэхнікай.

Мясцовыя СМІ паведамляюць, што сілы бяспекі выпусцілі ў паветра гумовыя кулі ў адказ на дэманстрантаў, якія кідалі ў іх бок камяні.

Пазней прэс-сакратар МУС пацвердзіў паведамленні, сказаўшы агенцтву Франс-Прэс, што гумовыя кулі былі выпушчаныя ў якасці папярэджання ўдзельнікам акцый пратэсту, якія кідалі камяні ў міліцыю. Улады ў Менску таксама спынілі шэраг станцый метро і паменшылі ахоп мабільнага інтэрнэту, спрабуючы абмежаваць пратэсты.

 

„Меркаваным забойцам французскага настаўніка з’яўляецца 18-гадовы чачэнец. У Францыі вядома, што асобы, якія прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу для грамадскай бяспекі, часцяком паходзяць з гэтай этнічнай групы. Аднак, па словах экспертаў, ва ўрада амаль няма магчымасці назіраць за гэтым асяроддзем”, — піша нямецкае выданне Die Welt.

На сваёй старонцы падазраваны часта публікаваў урыўкі з Карана, аднойчы, 30 ліпеня, быў апублікаваны і фотамантаж сцэны абезгалоўлівання. За тры дні да гэтага Licra, аб’яднанне, якое выступае супраць расізму і антысемітызму, паказвала на яго рахунак, бо ў адным з паведамленняў той назваў габрэяў „праклятым народам”, перадае журналістка Марціна Майстэр. Тое, што злачынец не быў на прыкмеце ў французскіх спецслужбаў, верагодна, варта ацэньваць не як няўдачу, а як па-сапраўднаму фатальны недагляд. Ужо ў 2018 годзе недалёка ад Парыжскай оперы адзін чачэнец 1997 нараджэння забіў чалавека і параніў некалькіх. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2017 года паліцыянтам удалося прадухіліць запланаваны замах на аднаго з кандыдатаў. Ён планаваўся французам, які, паводле інфармацыі паліцыі, „радыкалізаваўся, размаўляючы з чачэнцамі”. Па словах Ларана Нуньеса, дзяржсакратара пры міністры ўнутраных спраў і каардынатара спецслужбаў па барацьбе з тэрарызмам, радыкалізацыя злачынцаў адбываецца „вельмі хутка, вокамгненна”. „У іх няма ніякага кантакту з асобамі, актыўнымі ў „Ісламскай дзяржаве”, Сірыі ці Іраку”, таму іх, па словах Нуньеса, „практычна немагчыма выявіць”. Аднак Нуньес запэўніў, што чачэнская абшчына знаходзіцца „ў цэнтры ўвагі спецслужбаў”. Іншыя ў гэтым сумняюцца. „У пытаннях радыкалізацыі чачэнцы знаходзяцца ў свайго роду мёртвай зоне, хоць ёсць мноства фактаў”, — цытуе часопіс Marianne былога супрацоўніка спецслужбаў, які пажадаў застацца ананімным.

Таксама і нямецка-егіпецкі палітолаг Асіем Эль-Дыфраўі прытрымліваецца думкі, што Францыя занадта сканцэнтравалася на тэрарыстычнай арганізацыі „Ісламская дзяржава” і не прымае да ўвагі іншыя групы. „Тое, што адбываецца ў чачэнскай дыяспары, невядома напэўна, бо ў французскіх спецслужбах мала людзей, якія гавораць на іх мове”, — кажа Эль-Дыфраўі. „Гаворка ідзе пра жорсткае грамадства, пра згуртаванне з вельмі патрыярхальнай, кланавай структурай і памяццю пра гвалт, якая сыходзіць каранямі далёка ў мінулае”, — сказаў палітолаг. Тое, што злачынец прыехаў у горад Канфлан-Сэн-Анарын з размешчанага ў 90 км Эўрэ і пытаўся ў школьнікаў, як выглядае настаўнік, сведчыць аб тым, што забойца не быў асабіста знаёмы са сваёй ахвярай. З вялікай доляй верагоднасці да здзяйснення страшнага тэракту яго падштурхнулі некалькі відэа аднаго з бацькоў школы, які заклікаў, што трэба спыніць настаўніка, і выдаў яго нумар тэлефона. Аднак у сапраўдны момант следчыя не выключаюць, што злачынец атрымаў прамую замову. Кіраўнік прэс-службы Асамблеі чачэнцаў Еўропы Шаміль Албакаў мяркуе, што 18-гадовы чачэнец мацаваў радыкальныя ісламісцкія погляды ў сваім пакоі, у інтэрнэце, а не ў суседняй мячэці, — перадае Die Welt.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.