Агляд прэсы: выпадковыя сувязі



Кіраўнік НАТА: Дзеянні Беларусі павінны мець наступствы. Нетаньяху – голы кароль Ізраіля. Крымінальныя разборкі: уся Грэцыя ў шоку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Перахоп Беларуссю камерцыйнага рэйсу для арышту апазіцыйнага актывіста і журналіста павінна мець наступствы», – цытуе генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга амерыканскае выданне The Hill.

Выданне падкрэслівае, што такім чынам НАТА рашуча асудзіла інцыдэнт ад 23 траўня. У адказ на мінулым тыдні Злучаныя Штаты абвясцілі аб  поўным увядзені санкцый супраць дзевяці дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі.  Вашынгтон таксама гатовы ўвесці новыя санкцыі ў супрацы з Еўрапейскім звязам.

Грамадзянскі кіраўнік НАТА таксама спыніўся на цесных сувязях Расеі з Беларуссю, адзначыўшы, што гэтыя дзве краіны вельмі цесна інтэграваныя.

«Расея не асудзіла Лукашэнку, а спрабавала зрабіць наадварот, каб апраўдаць і растлумачыць такія абуральныя дзеянні. Аднак чакаецца, што Байдэн сутыкнецца з Пуціным за яго ролю ў тым, калі Лукашэнка атрымаў магчымасць правесці жорсткія рэпрэсіі супраць іншадумцаў, паколькі ён падманным шляхам заявіў аб перамозе на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні», – падсумоўвае амерыканскае выданне.

The Hill падкрэслівае, што хоць Беларусь не з’яўляецца сябрам НАТА, яна падтрымлівае дыпламатычную місію ў альянсе з 1998 года і мае сувязі з ваенным бокам НАТА з 1992 года.

 

«Ізраіль перажывае рэвалюцыю. Пасля 30 гадоў кіравання правых, якія ў прынцыпе дамінуюць у краіне пасля паразы ў Вайне Суднага дня ў 1973 годзе, прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху зараз бліжэй да сыходу, чым калі-небудзь раней. Мала таго, што рэлігійныя правыя сышлі ад яго без папярэджання, каб аб’яднацца з левацэнтрыстамі, дык яшчэ і разбурэнне саюзу яго пакінутых прыхільнікаў адбываецца ўжо ўнутры самой партыі «Лікуд», – піша швейцарскае газета Le Temps.

Выданне адзначае, што напружанасць будзе ўзмацняцца да таго часу, пакуль парламент не прагаласуе за склад ураду на працягу тыдня.

«Дэлегітымізацыя, напад, раз’яднанне – вось што робіць Біньямін Нетаньяху. Стаць халіфам замест халіфа няпроста, у той час, калі Нетаньяху, ганарыўся сваім фенаменальным палітычным даўгалеццем і да гэтага часу лічыцца выратавальнікам краіны», – піша Le Temps.

 

З красавіка месяца гэтага года ў Грэцыі было здзейснена ўжо пяць заказных забойстваў, за якімі стаіць мафія і арганізаваная злачыннасць. Міністр грамадзянскай абароны  Міхаліс Хрыохаідыс абвясціў вайну арганізаванай злачыннасці і паабяцаў аднавіць у краіне парадак і бяспеку. СМІ асцерагаюцца, што цягнік ужо сышоў.

«Злачыннасць даўно працяла ўсю поры нашага грамадства», – піша  грэцкая гахета Kathimerini.

«Па словах экспертаў, маштабы арганізаванай злачыннасці нашмат перавышаюць магчымасці праваахоўных органаў ёй супрацьстаяць. Злачынным групоўкам атрымалася пракрасціся ў сферу прадпрымальніцтва і атрымаць доступ таксама да легальных крыніц даходу. Злачыннасць пашырылася і ў геаграфічным плане. Яна спрабуе паставіць пад свой кантроль найпапулярныя турыстычныя рэгіёны. На думку спецыялістаў, сведчаннем падобнага пераходу як раз і з’яўляецца лавінападобны рост колькасці забойстваў. Крымінальныя супольнасці прамцваюць мяжы іншых крымінальных груповак, але не толькі: яны правяраюць і рэакцыю дзяржавы», – папярэджвае грэцкае выданне.

 

У многіх еўрапейскіх краінах праходзяць ажыўленыя дыскусіі аб тым, як ліквідаваць прабелы і адставанні ў сферы адукацыі, якія ўзніклі з прычыны пераходу на хатняе навучанне падчас пандэміі. У Вялікабрытаніі ў адстаўку падаў упаўнаважаны па пытаннях санацыі адукацыйных устаноў Кеван Колінз,  пасля таго, як замест запатрабаваных ім 15 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў ўрад пагадзіўся вылучыць толькі 1,4 мільярды. Мясцовая прэса таксама не абмінула гэтае пытанне. У Нідэрляндах, наадварот, раздаюцца галасы, што гэта занадта шчодрае фінансаванне.

Прынамсі нідэрландскае выданне Handelsblad адзначае наступнае:

«Школам ў першую чаргу трэба больш настаўнікаў; неабходна скарачэнне колькасці навучэнцаў у класах, а таксама больш увагі і падтрымкі кожнаму дзіцяці. Для гэтага неабходныя структурныя рашэнні. Прафесія настаўніка павінна зноў стаць больш прэстыжнай, каб заахвоціць больш людзей ісці працаваць у школу, а не, да прыкладу, у бізнэс. Паводле апошніх падлікаў, праз сем гадоў у пачатковых школах будзе не хапаць каля 10 тысяч настаўнікаў. У апошнія дзесяцігоддзі школы пастаянна станавіліся ахвярамі палітыкі памяншэння сродкаў і сутаргавага латання дзірак».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.