Агляд сусветнай прэсы



Студэнцкія пратэсты ў Беларусі абмяркоўваюць нават на Пірэнеях. А на Туманным Альбіёне пішуць пра забастоўкі беларускіх рабочых. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы пра Беларусь даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Улады Беларусі затрымалі арганізатара забастоўкі, паколькі рэпрэсіі працягваюцца — так пачынае свой матэрыял брытанская Independent. Затрыманне з’яўляецца часткай метадычных намаганняў па задушэнні трохтыднёвых пратэстаў з патрабаваннем адстаўкі аўтарытарнага лідара краіны пасля выбараў, якія апазіцыя асудзіла як сфальсіфікаваныя.

Аляксандр Лукашэнка, які трымае ўладу ўжо 26 гадоў, назваў удзельнікаў акцый пратэсту заходнімі марыянеткамі і адхіліў прапановы Еўрапейскага звязу аб пасярэдніцтве. Пасля жорсткіх рэпрэсій супраць дэманстрантаў у першыя дні пасля галасавання 9 жніўня, яго ўрад надалей ужо імкнуўся скончыць акцыі пратэсту пагрозамі і выбарачным зняволеннем актывістаў.

Анатоль Бокун, які кіруе страйкавым камітэтам на велізарнай калійнай фабрыцы „Беларуськалій” у Салігорску, быў затрыманы міліцыяй у панядзелак па абвінавачанні ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Завод, на долю якога прыпадае пятая частка сусветнага аб’ёму вытворчасці калійных угнаенняў, з’яўляецца галоўным у краіне па прыбытку. Прэс-сакратар страйкавага камітэта „Беларуськалія” Глеб Сандрас заявіў, што ўладам удалося спыніць забастоўку на заводзе, якая пачалася два тыдні таму, і ўсе яе калійныя шахты цяпер працуюць. Ён сказаў, што агенты КДБ аказвалі ціск на працоўных. „Супрацоўнікі КДБ напоўнілі завод, высачыўшы найбольш актыўных рабочых і выкарыстоўваючы розныя сродкі ціску”, — сказаў Сандрас агенцтву Associated Press у тэлефонным інтэрв’ю. «Улады маюць магутныя эканамічныя інструменты. Яны шантажуюць работнікаў масавымі звальненнямі». Забастоўкі на „Беларуськаліі” і многіх іншых вядучых прамысловых прадпрыемствах зрабілі беспрэцэдэнтны выклік Лукашэнку, які ўтрымліваў асноўную частку эканомікі ў руках дзяржавы і ў якасці асноўнай базы падтрымкі абапіраўся на рабочых. Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Назараў прызнаў, што забастоўкі ствараюць праблемы, але заявіў, што ўсе буйныя прамысловыя прадпрыемствы аднавілі нармальную працу. Затрыманне Бокуна адбылося пасля арыштаў кіраўнікоў забастовак на двух іншых буйных прамысловых прадпрыемствах Менску на мінулым тыдні. Арганізатар забастоўкі на „Гродна Азот”, буйным вытворцы азотных угнаенняў, збег у суседнюю Польшчу, каб пазбегнуць затрымання. Імкнучыся спыніць пратэсты, пракуроры ўзбудзілі крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады, створанай для перамоваў аб перадачы ўлады, абвінаваціўшы яе членаў у падрыве бяспекі краіны. На мінулым тыдні беларускія суды вынеслі 10-дзённыя тэрміны зняволення двум членам рады і выклікалі на допыт яшчэ некалькіх чалавек, у тым ліку Святлану Алексіевіч, якая ў 2015 годзе атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Урад таксама жорстка распраўляецца са СМІ, выслаўшы з краіны некаторых замежных журналістаў і скасаваўшы акрэдытацыю многіх беларускіх журналістаў. Двух маскоўскіх журналістаў Associated Press, якія асвятлялі нядаўнія акцыі пратэсту ў Беларусі, дэпартавалі ў Расею. Акрамя таго, урад паведаміў беларускім журналістам гэтага агенцтва, што іх паўнамоцтвы для прэсы ануляваныя. У выходныя Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла, што правы на акрэдытацыю таксама былі адабраны ў 17 беларусаў, якія працуюць у шэрагу іншых замежных СМІ, журналісты пазбавіліся акрэдытацыі, — піша Independent.

 

Беларускія студэнты крычаць лозунгі супраць Лукашэнкі. Дзясяткі затрыманых на ўніверсітэцкім маршы ў Менску з патрабаваннем дэмакратыі і новых выбараў — так пачынаецца артыкул іспанскай El Pais, якая ўпершыню ў гісторыі абсалютна кожны дзень асвятляе падзеі ў Беларусі. У аўторак тысячы студэнтаў, большасць з якіх — студэнты ВНУ, выйшлі на вуліцы Менска, каб патрабаваць дэмакратыі ў Беларусі і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Дзясяткі студэнтаў былі арыштаваны ў цэнтры горада і нават у дварах некаторых сярэдніх школ і ўніверсітэтаў, дзе яны сабраліся ў знак пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў. Большасць ужо вызвалена. „Мы не можам вярнуцца ў клас і стаць часткай сістэмы, якая дапамагла скрасці галасы беларускага грамадства”, — кажа 20-гадовы Барыс Барзуноў. — У Беларусі ў многіх месцах менавіта настаўнікі альбо дырэктары школ уваходзяць у склад камісій, якія кантралююць ход галасавання на выбарчых участках і падпісваюць пратаколы. Цяпер, пасля заяў аб масавых фальсіфікацыях на выбарах, у цэнтры ўвагі таксама тыя, хто гэта дазволіў”, — кажа Барзуноў. Адукацыйны пратэст далучыўся да заклікаў бацькоў байкатаваць школьныя мерапрыемствы і адмаўляцца ўносіць нават невялікія плацяжы, якія звычайна плацяць у беларускіх школах на пакрыццё якіх-небудзь пакупак альбо рамонту. Да абурэння фальсіфікацыямі выбараў і рэпрэсіямі міліцыі дадаецца адмова некаторых бацькоў вярнуцца ў школу на фоне пандэміі каронавірусу без адмысловых захадаў. Тым часам аўтарытарны лідар наведаў прафесійна-тэхнічную школу ў Баранавічах на паўднёвым захадзе краіны і паспрабаваў прынізіць гістарычную мабілізацыю людзей у Беларусі: „Яны ўключылі свае айфоны, і прылепленыя да іх цэлы дзень. Частка нашых людзей апынулася ў гэтым віртуальным свеце. У адрозненне ад іх ёсць тыя, хто вырашыў жыць у рэальным”, – сказаў Лукашэнка. Цяпер ён прапануе правесці канстытуцыйную рэформу, якая будзе падлягаць „грамадскім кансультацыям”. Ён адмовіўся абмяркоўваць гэта з апазіцыяй, хаця сцвярджаў, што можа зрабіць гэта з рабочымі на заводах, у дзяржаўных кампаніях і са студэнтамі. Аднак у гэты аўторак мовы пра гэта ўжо не было. «Верым, можам, пераможам!», «Адстаўка!» — крычалі студэнты, якія прайшлі шэсцем да Міністэрства адукацыі, спрабуючы абысці міліцэйскія кардоны, што атачалі сэрца беларускай сталіцы. Грамадзянскі рух спрабуе падтрымліваць ціск пастаяннай мабілізацыяй. Нягледзячы на рэгулярныя пагрозы Лукашэнкі і ўсё больш прыкметны ціск міліцыі на людзей, у аўторак да акцый пратэсту далучыліся два буйныя прамысловыя прадпрыемствы, якія падтрымліваюць беларускую эканоміку. Нават у менскім тэхнапарку на ўскраіне сталіцы адбылася акцыя пратэсту. Лукашэнка зноў прыгразіў помстай, сказаўшы: „Мітуслівае лета скончылася”, цытуе аўтарытарнага палітыка El Pais.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.