Агляд сусветнай прэсы
Рэзанансны ліст літоўскага міністра пра Беларусь. У Брусэлі не маюць уяўлення пра намеры Пуціна адносна Беларусі, у той жа час вядучыя краіны Еўразвязу не бачаць падстаў уключыць Лукашэнку ў санкцыйны спіс. Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы пра Беларусь даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.
Еўропа павінна даць выразны сігнал Крамлю, што ўмяшанне ў справы Беларусі будзе мець наступствы, — піша ў амерыканскім выданьні Politico міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. На працягу дзесяцігоддзяў пры дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі краіна была сведкай паслядоўных хваляў рэпрэсіяў. Маючы занадта слабую і раз’яднаную апазіцыю, каб адолець рэжым, Лукашэнка меў поўную свабоду дзеянняў для масавага кантролю над беларускім грамадствам, адначасова заігрываючы як з Расеяй, так і з Захадам. І на працягу дзесяцігоддзяў Еўрапейскі Звяз быў надзвычай цярплівым, прымаючы найменшыя змены ў Беларусі за прыкметы прагрэсу. Аднак цяпер ясна, што мы дасягнулі пераломнага моманту. Калі Еўразвяз хоча быць магутным гульцом на сусветнай арэне і для сваіх найбліжэйшых усходніх суседзяў, яму тэрмінова патрэбен новы падыход да рэгіёну, і да Беларусі ў прыватнасці. Слоў асуджэння і шкадавання, а таксама іншых звычайных модных слоўцаў ужо недастаткова. Падчас майго апошняга візіту ў Беларусь Уладзімір Макей, міністр замежных спраў краіны, выступіў на беларускай мове на публічным мерапрыемстве, што было неверагодным усяго некалькі гадоў таму. Аднак закасцянелая структура ўлады Беларусі не змагла распазнаць важныя прыкметы лібералізацыі і абуджэння. Рэакцыя беларускага народу на жнівеньскія выбары паказала, што яго цярпенне падышло да канца. Таксама стала ясна, што Лукашэнка ніколі не быў зацікаўлены ні ў мадэрнізацыі краіны, ні ў рэальнай незалежнасці Беларусі: усё, што ён хоча, — гэта застацца пры ўладзе. Масква вагаецца, здаецца, таму, што баіцца некантраляваных дэмакратычных працэсаў. У вачах Крамля, калі Лукашэнка падпарадкуецца волі нацыі, гэта будзе дэманстрацыяй слабасці, якая можа паслаць няправільны сігнал расейскай грамадзянскай супольнасці, натхнёнай пратэстамі ў Беларусі. Пакуль што Расея вырашыла на словах атакаваць прыхільнікаў дыялогу ў Беларусі і паўтарыць размовы Лукашэнкі аб заходнім умяшанні ў Беларусь. Ён чытае лекцыі Еўразвязу аб «правільным» этыкеце ў вонкавай палітыцы, нават калі звяртаецца да «найлепшых практык» КДБ. Тое, што Лукашэнка і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін называюць умяшаннем Захаду, мы разглядаем як простую падмену паняццяў. Сітуацыя ў Беларусі — гэта праверка нашых еўрапейскіх каштоўнасцяў і прыхільнасці да правоў чалавека. Ці дазволім мы рэпрэсіям і гвалту перамагчы? Ці дазволім мы не абранаму прэзідэнту заклікаць Расею «вырашыць праблему» мірных грамадзян, якія патрабуюць свабодных і справядлівых выбараў? Пакуль Еўразвяз і астатні заходні свет вагаюцца і застаюцца падзеленымі — і працягваюць спрабаваць перазагрузіць адносіны з Масквой — Расея можа прыкідвацца звышдзяржавай, адкрыта ігнаруючы міжнародныя правілы і распальваючы канфлікты. Трэба адназначна заявіць, што з 9 жніўня Лукашэнка з’яўляецца былым прэзідэнтам Беларусі і што яго дзеянні незаконныя і недапушчальныя. За гэтымі словамі павінны быць справы. Адрасныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі — гэта толькі першы крок. Мы павінны надаваць дапамогу ахвярам гвалту і рэпрэсій, забяспечыць вызваленне ўсіх палітычных вязняў і пачаць міжнароднае расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці. Грамадзянская супольнасць і незалежныя СМІ Беларусі таксама адчайна маюць патрэбу ў нашай падтрымцы. Еўразвяз павінен без ваганняў распачаць сур’ёзныя дзеянні, калі Крэмль вырашыць умяшацца. Калі мы не пройдзем гэтае важнае выпрабаванне, гэта нанясе сур’ёзны ўдар па нашых асновах. Яшчэ не позна зрабіць так, каб гэтага не адбылося», — так завяршае свой артыкул у Politico Лінас Лінкявічус.
Па інфармацыі газеты Die Welt беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка не патрапіць у санкцыйны спіс Еўразвязу. За гэты выступіла, перш за ўсё, Нямеччына, якую падтрымалі Францыя і Італія. Берлін і Парыж аргументуюць гэта неафіцыйна тым, што каналы камунікацыі з Лукашэнкам павінны заставацца адкрытымі пры любых абставінах, а ўвядзенне супраць яго санкцый гэта выключыць. Многія дзяржавы, перш за ўсё балтыйскія і Польшча, не падзяляюць гэтага меркавання і настойваюць на ўключэнне Лукашэнкі ў санкцыйны спіс. А цяпер працытуем артыкул Крыстофа Шыльтца пра гэтае рашэнне. «Перамовы былі вельмі складанымі, кожная кандыдатура на ўключэнне ў спіс павінна была быць прынятай аднагалосна і на цалкам законных падставах усімі краінамі-членамі саюза», — патлумачыў высокапастаўлены дыпламат Еўразвязу. Не выключана, што ў далейшым спіс можа быць пашыраны.
Пасля інтэнсіўных абмеркаванняў справа ідзе да таго, што актывы ад 16 да 19 асоб будуць заблакаваныя ў Еўропе, акрамя таго ім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага звязу. Як паведамляецца з дыпламатычных колаў, фармальнага галасавання аб уключэнні Лукашэнкі ў санкцыйны спіс яшчэ не было. Але нефармальныя перамовы «адназначна» зводзяцца да таго, што аб’яднаная Еўропа дазволіць менскаму дыктатару выйсці сухім з вады. Гэта дзіўна яшчэ і таму, што Лукашэнка, кіруючы Беларуссю вось ужо 26 гадоў аўтарытарнымі метадамі, разам з іншымі 170 беларускімі грамадзянамі ўжо аднойчы знаходзіўся пад санкцыямі Еўразвязу, а менавіта з 2011 па 2016 год. А вось балтыйскія краіны на гэты раз вырашылі не чакаць рашэння Брусэля і абвясцілі аб увядзенні аднабаковых санкцый супраць Лукашэнкі і 29 іншых прадстаўнікоў урада. Пад забарону на ўезд у гэтыя краіны трапілі супрацоўнікі адміністрацыі прэзідэнта, Цэнтральнай выбарчай камісіі, міністэрства ўнутраных спраў, міністэрства юстыцыі, а таксама органаў бяспекі. Пратэсты супраць Лукашэнкі працягваліся і ў чацвер. Тым часам самаабвешчаны прэзідэнт, які больш не прызнаецца Еўразвязам, заняўся далейшым умацаваннем свайго рэпрэсіўнага апарата. Пры гэтым ён робіць стаўку не толькі на абнаўленне персаналу, але і прызначае на адказныя пасады верных сабе людзей. Так новым кіраўніком КДБ стаў Іван Церцель. На новай пасадзе ён змяніў Валерыя Вакульчыка, які да гэтага часу стаяў на чале КДБ. Вакульчык у сваю чаргу стане сакратаром Рады бяспекі.
Выбары расцэньваюцца міжнароднай супольнасцю як груба сфальсіфікаваныя. Бурны пратэст у свеце выклікалі таксама крывавая расправа над мірнымі пратэстоўцамі і арышты тысяч дэманстрантаў. Масква нядаўна запэўніла Лукашэнку ў тым, што ў выпадку эскалацыі яна пашле ў Беларусь сілы бяспекі і падтрымае яго. Наколькі доўга прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сапраўды гатовы пакідаць Лукашэнку на сваёй пасадзе, у Брусэлі ўяўлення не маюць.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.
