Агляд сусветнай прэсы



Новая вулканічная сістэма ў Новай Зеландыі, унікальныя карціны шпрыцам для медыкаў у Нью-Ёрку.

Якія тэмы сёння ў фокусе сусветнай прэсы, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча:

– У спорце ўсё большую ролю адыгрываюць разнастайныя агенты. Вельмі часта яны бяруць сабе незвычайна вялікі адсотак ад здзелак, а часам і наогул з’яўляюцца махлярамі. Падобная гісторыя здарылася ў Манголіі, і цяпер пра яе піша ВВС. 14-гадовы Ачыроа Батболд разам з сямʼёй пераехаў з правінцыі Тоў у сталіцу Уланбаатар. За футбольны талент яго сталі называць мангольскім Руні, у гонар вядомага ангельскага футбаліста. Калі падрос, яго забралі ў юніёрскую каманду. Яго клуб выйграў аматарскую лігу, затым другую па сіле ў Манголіі і выйшаў у элітны дывізіён. Але на ўрачыстай вячэры Ачыроа быў сумным. Высветлілася, што з ім у фэйсбуку звязаўся чалавек, які назваўся агентам са Злучаных Штатаў, які паабяцаў выгадны кантракт. Толькі варта заплаціць за яго паслугі 6 тысяч даляраў. Хлопец напазычаў грошай, а ў выніку быў падмануты. Вельмі дапамаглі падлетку ягоныя бацькі, якія фактычна пайшлі на вялікую рызыку страціць дом. У выніку брытанскія прыхільнікі футболу дапамаглі сабраць грошы, скрадзеныя махляром, якога не знайшлі. Напярэдадні Ачыроа Батболд стаў чэмпіёнам Манголіі. Яго прыклад дае магчымасць папярэджваць іншыя маладыя таленты, што грошы, пераведзеныя за мяжу, могуць апынуцца не ў сапраўдных агентаў, а ў людзей, якія ўдаюць іх. І тычыцца гэта не толькі спорту, а любога віду працы за мяжой.

Кожны супрацоўнік шпіталя Бруклін у Нью-Ёрку атрымаў асабісты падарунак у выглядзе малюнка з выявай кветкі, паведамляе CNN. Карціна была намалявана і прадстаўлена мастаком з Лос-Анджэлеса Майклам Гітсам, працы якога экспанаваліся ў Лондане, ЗША і дэмілітарызаванай зоне паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй. «У разгар пандэміі ў Майкла была бліскучая ідэя даць карціну кожнаму супрацоўніку шпіталя, асабліва ў Нью-Ёрку, таму што горад – самы складаны рэгіён у барацьбе з пандэміяй», – сказаў Элі Бронэр, прадстаўнік мастака. Бронэр і Гітс шукалі «дасканалы» шпіталь для свайго падарунка: ён павінен быў быць грамадскім, мець аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі для лячэння хворых на каронавірус і досыць маленькім, каб мастак маляваў унікальную карціну для кожнага супрацоўніка. У рэшце рэшт яны абралі медыцынскі цэнтр у раёне Бэдфарда – Стайвсант. Супрацоўнікі былі папярэджаны пра ініцыятыву. Яны маглі папярэдне праглядзець малюнкі на відэа. Па словах Бронэра, мастак хацеў змагацца з пачуццём бездапаможнасці, выкліканым пандэміяй, і аддаць даніну пашаны медыцынскім работнікам праз мастацтва. Акрылавыя карціны былі створаны пры дапамозе шпрыцаў – своеасаблівай сувязі мастака з персаналам лякарні.

Спецыялісты з Новай Зеландыі вынайшлі новую сістэму папярэджання аб вулканічнай актыўнасці, якая можа дапамагчы прагназаваць вывяржэнне, пішуць мясцовыя медыі. Летась падчас вывяржэння вулкана Вакаары на гары зʼявілася група турыстаў. У выніку катастрофы загінуў 21 чалавек. Навукоўцы адзначаюць, што новая сістэма выкарыстоўвае алгарытмы машын для аналізу інфармацыі ў рэжыме рэальнага часу, якая прагназуе будучыя патэнцыйныя вывяржэнні вулкана. Адзін з распрацоўшчыкаў праекта з Універсітэта Окленда заявіў, што «папярэдняя вулканічная сігналізацыя была занадта павольнай». Менавіта таму турысты трапілі ў смяротную пастку падчас абуджэння вулкана на востраве Белы. Цяперашняя сістэма, паводле спецыялістаў, значна лепей рэагуе на вулканічную актыўнасць і ў значна ранейшы час.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: CNN