Агляд сусветнай прэсы



Антыпуцінскія пратэсты ў Хабараўску, фінансаванне ізраільскай абароны. Якія тэмы сёння ў фокусе сусветнай прэсы, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча.

Урад Ізраіля вырашыў павялічыць фінансаванне абароннай прамысловасці краіны на 3,3 мільярда шэкеляў (гэта каля 964 мільёнаў даляраў). „Сіньхуа” піша пра гэта са спасылкай на заяву прэм’ер-міністра Ізраіля Бен’яміна Нетаньяху, апублікаваную па выніках пасяджэння членаў Кабінета міністраў. „У звароце, выдадзеным ад імя Нетаньяху, гаворыцца, што ён „загадаў Міністэрству фінансаў” павялічыць выдаткі бюджэту на абарону”, – гаворыцца ў публікацыі. Дадатковыя сродкі пойдуць на „бягучую дзейнасць сіл абароны Ізраіля, сцены з сектарам Газа, а таксама іншыя важныя зоны, якія не пацерпяць затрымак”. Па словах Нетаньяху, гэты крок неабходны з-за „шматлікіх праблем бяспекі ў многіх раёнах”, намякаючы на ценявую вайну Ізраіля супраць Ірана ў Сірыі.

„Ізраіль прызнаў, што ажыццявіў сотні авіяўдараў па Сірыі, сцвярджаючы, што яны былі накіраваны супраць іранскіх цэляў”, — піша кітайскае агенцтва.

Ці бяспечна называць Крым украінскім пасля прыняцця закона аб адчужэнні тэрыторый Расейскай Федэрацыі? Па новым законе, парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Расеі прыроўненыя да экстрэмісцкай дзейнасці, а заклікі да гэтага будуць карацца. Што гэта азначае для карыстальнікаў сацсетак? Спачатку буйныя штрафы, а ў выпадку паўторнага парушэння на працягу года магчыма пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў. Кіраўнік праваабарончай арганізацыі „Агора” Павал Чыкаў у інтэрвію „Дойчэ Вэле” сказаў, што нягледзячы на гэта, закон парадаксальна можна лічыць лібералізацыяй. Яшчэ ў 2014 годзе ў Крымінальны кодэкс Расеі ўнеслі артыкул за заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці, па якім завялі шмат крымінальных справаў, усе яны пераважна тычыліся Крыма, які Расея акупавала акурат у 2014 годзе. А паводле новага закона, за першы выпадак наступае толькі адміністрацыйная адказнасць. Асаблівую дзейнасць па гэтай крымінальнай норме расейскія ўлады разгарнулі акурат на паўвостраве, які ўвесь свет лічыць часткай Украіны, часова акупаванай Расеяй.

На Далёкім Усходзе адкрыты рэцэпт, як перамагчы рэжым Пуціна. Гэта можа зрабіць просты стомлены расеец, які скажа ўладзе: «До», піша чэшскае выданне Seznam zprávy. Калі-небудзь гэта павінна было здарыцца. Крэмль атрымаў поўху. У паветры пранеслася невялікая аплявуха Маскве з вялікай адлегласці. Не вельмі балючая, але крыўдная. Супраць Масквы паўстаў горад на супрацьлеглым канцы Расейскай Федэрацыі. Расейская прапаганда на гэты раз ужо не можа заявіць, што за гэтым стаіць змова Захаду або апазіцыя пад кіраўніцтвам Аляксея Навальнага. Свае правы на дэманстрацыях адстойваюць звычайныя расейцы, якія проста сытыя па горла. Цэнтрам шматтысячных пратэстаў да гэтага часу заўсёды была Масква. Для расейскіх рэгіёнаў падобныя акцыі нешта зусім нечуванае. Як правіла, пратэсты ў Расеі ні да чаго не прыводзяць, калі толькі не лічыць процілеглага эфекту — закручвання гаек. Але ў Хабараўску пратэстоўцы дамагліся максімуму магчымага, і Крэмль не стаў навязваць ім губернатара са скампраметаванай партыі, а адправіў на Далёкі Усход калегу Фургала па Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Аказалася, што ў Расеі яшчэ дзе-нідзе існуе, здавалася б, выкаранены Пуціным феномен — рэгіянальная ідэнтычнасць. І хаця Масква радыкальна яе абмяжоўвае, адкрыта і несумленна ўмешваючыся ў мясцовыя справы, людзі не гатовыя з гэтым мірыцца. Пратэсты ў Хабараўску, хутчэй за ўсё, не дадуць імпульсу для рэгіянальных хваляванняў і супраціву Маскве, а тым больш пуцінскага рэжыму. Але так далёка ў Расеі яшчэ не заходзіла, нягледзячы на эканамічныя і сацыяльныя праблемы, з якімі сутыкнулася насельніцтва рэгіёнаў далёкіх ад сталіцы.

Калі прыйдзе час і цярпенне расейцаў лопне, на выбарах можа перамагчы любы нават другагатункавы сістэмны папуліст без палітычных амбіцый.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: D. Margulis