Агляд сусветнай прэсы



Колькасць атрымальнікаў „блакітных картак” у Нямеччыне няўхільна расце 8 гадоў. Злучаныя Штаты звінавацілі Кітай у стварэнні шпіёнскіх сетак. ЮНЕСКА асуджае мусульманскія малітвы ў музеі Святой Сафіі ў Стамбуле. Якія тэмы сёння ў фокусе сусветнай прэсы, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча.

ПС: У 2019 годзе 31 210 іншаземцаў, грамадзян дзяржаў, што не ўваходзяць у Еўразвяз, атрымалі блакітную картку Еўразвязу ў Нямеччыне. Гэта на 14,6 % больш, чым годам раней, Федэральнае ўпраўленне па міграцыі і бежанцах назвала такія лічбы напярэдадні, 24 ліпеня. „З моманту запуску праграмы „Блакітная картка” восем гадоў таму колькасць выдадзеных картак нязменна павялічваецца”, — сказала віцэ-прэзідэнт БАМФ Андрэа Шумахер, яе цытуе агенцтва dpa. У 2019 годзе чвэрць усіх „блакітных картак” атрымалі грамадзяне Індыі, на другім месцы – грамадзяне Кітая, за імі расейцы і туркі. Месца беларусаў не паведамляецца, як і месца палякаў, але ў 2017 годзе, напрыклад, грамадзяне Польшчы ўваходзілі ў пяцёрку па гэтым паказчыку. Яшчэ адны суседзі беларусаў украінцы на 9-м месцы. Штогод ім выдаецца каля тысячы картак. Блакітныя карткі надаюць іх уладальнікам права часовага пражывання ў краінах Еўразвязу, каб пакрыць дэфіцыт кваліфікаванай працоўнай сілы. У той жа час у кожнай краіны Еўразвязу ёсць свае асаблівасці ў рэалізацыі гэтай праграмы, у прыватнасці, „блакітная картка”, атрыманая ў адной краіне, не дае аўтаматычна права працаваць у іншай. Спецыялісты з краін, якія не ўваходзяць у Еўразвяз, могуць падаваць заяўку на нямецкую „блакітную картку” пры ўмове, што яны маюць дыплом аб вышэйшай адукацыі, атрыманы ў Нямеччыне ці за мяжой. Другое важнае патрабаванне — наяўнасць у Нямеччыне афіцыйнай дамовы з працадаўцам альбо канкрэтная прапанова, якая пацвярджае намер працадаўцы заключаць дамову.

Упершыню за 86 гадоў мусульманскія малітвы прайшлі ў Стамбуле ў сценах хрысціянскай Святой Сафіі, якой ужо 1,5 тысячы год. Храм быў заснаваны яшчэ ў тагачасным Канстанцінопалі, былой сталіцы Візантыйскай імперыі. Канстанцінопаль быў захоплены ў 1453 годзе войскамі Асманскай імперыі на чале з султанам Мехмедам II Фаціхам, загадам якога сабор быў ператвораны ў мячэць. З таго часу горад нязменна належыць Турэччыне. Пасля развалу Асманскай імперыі і пабудовы свецкай турэцкай дзяржавы на чале з Кемалем Атацюркам, Святая Сафія ў 1934 годзе стала музеем і да нядаўняга часу была самым наведвальным месцам у Турцыі. Дзеючы турэцкі прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган далучыўся да рэлігійных груп, якія даўно заклікаюць зноў ператварыць музей у мячэць. 10 ліпеня турэцкі суд пастанавіў, што будынак, таксама вядомы як Святая Сафія, можа выкарыстоўвацца толькі як мячэць, і прэзідэнт Эрдаган неадкладна загадаў зачыніць музей, піша „Голас Амерыкі”. Турэцкі ўрад кажа, што будынак застанецца адкрытым для ўсіх наведвальнікаў, у тым ліку немусульман. У ЮНЕСКА заявілі, што глыбока шкадуюць аб рашэнні Турэччыны, але прэзідэнт Эрдаган сказаў, што яго краіна карыстаецца сваім суверэнным правам самастойна вырашаць такія пытанні.

Міністэрства юстыцыі ЗША сцвярджае, што кітайскія спецслужбы стварылі разгалінаваную сетку шпіёнаў у больш чым 25 гарадах ЗША, а падтрымліваюць сетку консульствы Кітаю. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве юстыцыі ЗША. Па дадзеных агенцтва, консульствы даюць інструкцыі тым, каму трэба пазбегнуць расследавання сваіх дзеянняў амерыканскімі праваахоўнымі органамі. Каментары Міністэрства юстыцыі былі агучаны пасля затрымання ў ЗША кітайскага навукоўца Тан Хуан, якая заяўляла, што займаецца даследаваннямі ў галіне біялогіі. Замест гэтага следчыя вызначылі, што яна працуе ў кітайскім ваенна-медыцынскім універсітэце, і знайшлі яе фатаграфіі ў форме кітайскай арміі. 22 ліпеня Дзярждэпартамент ЗША абвясціў, што зачыняе генеральнае консульства Кітая ў Х’юстане з прычыны „абароны амерыканскай інтэлектуальнай уласнасці і прыватнай інфармацыі амерыканцаў”. Злучаныя Штаты неаднаразова абвінавачвалі Кітай у выкарыстанні дыпламатычных місій для каардынацыі шпіёнскіх сетак супраць амерыканскага бізнесу і навукі, у тым ліку ў крадзяжы інтэлектуальнай уласнасці.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя