Агляд сусветнай прэсы



План Крамля і Беларусь, экалагічныя ўмовы пры пандэміі, суд над колішнім прэм’ер-міністрам Малайзіі, пра гэта ды іншае даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча:

– У выніку пандэміі COVID-19 свет адчувае пагаршэнне экалагічных умоў, у тым ліку значнае забруджванне навакольнага асяроддзя. Пра гэта паведамляецца на сайце ААН. „Нашы вуліцы, пляжы і акіяны пацярпелі ад цунамі COVID-19, уключаючы ахоўныя маскі для асобаў, пальчаткі, бутэлькі для дэзінфекцыі рук і ўпакоўкі для прадуктаў харчавання”, – гаворыцца ў заяве. Па словах Памэлы Кок-Гамілтан, дырэктара Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), яшчэ да пандэміі забруджванне пластыкам стала „адной з найбольшых пагроз нашай планеце”, а „раптоўны бум” у выкарыстанні сродкаў ад каронавіруса „значна пагоршыў сітуацыю”. Напрыклад, па дадзеных ААН, неабходнасць захавання сацыяльнай дыстанцыі прывяла да „велізарнай колькасці пластыкавых адходаў”, паколькі людзі ва ўсім свеце замаўляюць дастаўку ежы кожны дзень. Толькі ў Сінгапуры, дзе пражывае 5 мільёнаў 700 тысяч чалавек, за восем тыдняў каранціну было скінута 1470 дадатковых тон пластыкавых адходаў, у тым ліку аднаразовая харчовая ўпакоўка, піша мясцовая прэса. Адзначаецца, што прыблізна 75% „пластыка каронавіруса”, верагодна, будзе адходамі, якія „засмечваюць звалкі і плаваюць у морах”. У той жа час дзякуючы каранцінным мерам, якія праводзяцца ў многіх краінах па барацьбе з распаўсюджваннем пандэміі COVID-19, сусветныя выкіды парніковых газаў скараціліся на 5%. Адзначаецца, што сусветныя продажы аднаразовых масак узляцелі з сумы каля 800 млн даляраў у 2019 годзе да 166 млрд даляраў у 2020 годзе.

Колішні прэм’ер-міністр Малайзіі Наджыб Разак прызнаны вінаватым па ўсіх сямі абвінавачаннях у першым з некалькіх карупцыйных працэсаў. Ён не прызнаў сябе вінаватым у крымінальным парушэнні даверу, адмыванні грошай і злоўжыванні ўладай. Справа шырока разглядалася як праверка вяршэнства закона Малайзіі і барацьбы з карупцыяй. Скандал вакол суверэннага фонду багацця ў Малайзіі выявіў сусветную сетку фальсіфікацый і карупцыі. Прысуды, якія прагучалі ў аўторак, тычыліся 42 мільёнаў рынгітаў (10 мільёнаў даляраў у эквіваленце), пералічаных з фонду на прыватныя рахункі тагачаснага прэм’ер-міністра. Наджыб быў на пасадзе з 2009 па 2018 год. „Разглядаючы ўсе доказы, якія прагучалі на гэтым судовым працэсе, я лічу, што абвінавачанне паспяхова даказала віну падсуднага, улічваючы разумныя сумневы”, — заявіў суддзя Махамад Назлан Махамад Газалі у Вярхоўным судзе Куала-Лумпура, піша ВВС. Наджыб адмаўляе ўсе злачынствы і кажа, што яго ўвялі ў зман фінансавыя дарадцы — у прыватнасці фінансіст-уцякач Джо Лоў, які быў абвінавачаны і ў ЗША, і ў Малайзіі, але таксама настойвае на сваёй невінаватасці. Абвінавачванні нясуць турэмнае зняволенне ад 15 да 20 гадоў.

І зноў пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Па зразумелых прычынах, цяпер мы ўсё часцей будзем цытаваць публікацыі замежных медыяў пра падзеі ў Беларусі. Выданне American Interest піша: „Пасіўнасць шматпакутнага беларускага народа, якая ўвайшла ў легенды, зараз падвяргаецца праверцы. Праверка наступіць 9 жніўня, калі адбудуцца прэзідэнцкія выбары. У мінулым аўтарытарны Лукашэнка мог разлічваць на цэлы набор фактараў, якія паказвалі яму перамогу з вялікім адрывам ад канкурэнтаў. У яго была рэальная папулярнасць у асяроддзі сельскіх працаўнікоў і выбаршчыкаў з працоўнага класа, а таксама ў асяроддзі пенсіянераў”. Аўтар артыкула Кірк Бенет — адстаўны супрацоўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША, які правёў большую частку кар’еры за працай на постсавецкай прасторы, працягвае свае думкі: „Ужо больш за год Крэмль пасылае сігналы аб сваёй моцнай незадаволенасці Беларуссю. Прычына незадаволенасці — павольны прагрэс у прасоўванні праекта Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Па цэлым шэрагу прычын такая «канфедэрацыя» не магла стаць саюзам роўных, а азначала па сутнасці справы абсорбцыю, паглынанне Беларусі Расеяй. Калі Лукашэнка, даўно ўжо не любімы, але ўсё яшчэ не кінуты на волю лёсу Крамлём, выглядае гэтым летам вельмі ўразлівым, губляе ачкі, то фактар «рускага свету», наадварот, набірае ўплыў. І ён будзе аказваць уплыў на канчатковае рашэнне Крамля — умешвацца хоць нейкім чынам у падзеі ў Беларусі ці не ўмешвацца зусім. Улетку 2020-га года высветлілася канчаткова: вырашальную ролю ў гэтай гісторыі згуляе народ Беларусі. Менавіта ён будзе вырашаць дзеяннем ці хаця б бяздзейнасцю. Легендарная пасіўнасць беларускага народа падвергнецца цяжкаму выпрабаванню. Ці не стануць здзіўленыя і дэмаралізаваныя беларусы ціха чакаць і глядзець, як маленькія зялёныя чалавечкі захопліваюць кантроль над іх краінай? І Крэмль будзе планамерна праводзіць дэмантаж беларускай дзяржаўнасці, прыгаворваючы толькі, што «вось так яно і павінна быць».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ura.news