Агляд сусветнай прэсы



Пераломны момант у пытанні глабальнага пацяплення адбыўся ў Грэнландыі. Што стаіць за словамі Жазэпа Барэля пра супрацоўніцтва з Лукашэнкам, няўжо Еўразвяз ігнаруе беларускія пратэсты і гатовы зноў прызнаваць узурпатара? Падрабязнасці даведаемся ў аглядзе замежнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча.

Раставанне ледавікоў Грэнландыі дасягнула „пераломнай кропкі”. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе „Прырода камунікацыі Зямлі і навакольнага асяроддзя”, якое вывучае трыццацігадовыя назіранні за ледзяным покрывам, прысутным на востраве. Даследаванне сцвярджае, што раўнавага, якая да дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя назапашаным снегам істотна кампенсавала колькасць расталага лёду, цяпер парушана. Нават калі б сёння спынілася глабальнае пацяпленне — гаворыцца ў даследаванні, — сітуацыя ўсё роўна не вернецца да старых паказчыкаў. У 2019 годзе Грэнландыя страціла ў агульнай складанасці 532 мільярды тон лёду, усталяваўшы антырэкорд тысячагоддзя. Аналіз малюнкаў і звестак са спадарожнікаў Грэйс НАСА паказвае, што расталыя ледавікі пагрузіліся ў акіян, запаўняючы яго кожную секунду эквівалентам у 7 басейнаў алімпійскага памеру, што яшчэ больш падвышае ўзровень мора і ўжо пагражае прыбярэжным раёнам свету, у прыватнасці, некаторым астраўным дзяржавам. Падчас татальнага раставання Грэнландыі ўзровень сусветнага мора ўжо вырас на 6 метраў, піша італьянская газета Corriere della Sera, адна з вядучых у сваёй краіне. Штодня працягваецца скарачэнне ледавікоў.

Па словах Міхаіла Кінга, навуковага супрацоўніка Цэнтра палярных даследаванняў і клімату Берда, нават у выпадку мэтанакіраваных мерапрыемстваў супраць глабальнага пацяплення ледавіковае покрыва будзе раставаць: „Мы ўлічылі спадарожнікавыя назіранні і высветлілі, што зімовыя снегапады ўжо не могуць супрацьстаяць раставанню лёду, — сказаў Кінг. Ледавікі ўціснуліся, многія з іх знаходзяцца ў глыбокай вадзе, а значыць, колькасць лёду, які трапляе ў ваду, павялічваецца, што яшчэ больш растапляе яго і яшчэ больш ускладняе вяртанне да папярэдніх умоваў”.

Напярэдадні, у нядзелю беларускія СМІ працытавалі вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу па замежных справах Жазэпа Барэля, які сказаў, што еўрапейскім палітыкам усё адно давядзецца размаўляць з Лукашэнкам, нягледзячы на тое, што яны не прызнаюць яго прэзідэнтам Беларусі. Што хаваецца за гэтымі словамі, няўжо Еўропа гатовая да супрацы з узурпатарам? Разбіраецца іспанская газета EL Pais. Яна ўзяла ў Барэля інтэрв’ю. І вось што ён адказаў: Справа з Беларуссю не параўнальная з Украінай. Там паміж еўрапейскім пакліканнем і напружанасцю ў сувязі з Расеяй, пратэстоўцы насілі еўрапейскія сцягі. Беларусы зараз не спрачаюцца аб гэтым. Яны проста патрабуюць грамадзянскіх свабод і правоў. На дэманстрацыях няма еўрапейскіх сцягоў. Мы павінны прасоўваць палітычныя рэформы, але пазбягаць з’яўлення скажонага фактару, як мы маглі б успрымацца з расейскага боку. Гэта напружанне паміж Еўропай і Расеяй скончылася агнём, гвалтам і распадам украінскай тэрыторыі, і канфлікт працягваецца. Сённяшняя праблема для беларусаў — не выбар паміж Расеяй і Еўропай, гэта дасягненне свабоды і дэмакратыі, якія з’яўляюцца асноўнымі каштоўнасцямі Еўрапейскага Звяза і якія мы будзем падтрымліваць. У Еўразвяза няма чароўных палачак. У нас ёсць фінансавыя рэсурсы, мы мабілізавалі 50 мільёнаў еўра, каб дапамагчы беларускаму грамадству, мы маем палітычны ўплыў, але Беларусь не павінна быць другой Украінай. Яшчэ ў 2010 годзе мы заяўлялі, што выбары былі ілжывымі, і Лукашэнка адказаў мітынгоўцам гвалтам. Яшчэ ў 2006 годзе мы ўводзілі санкцыі супраць самога Лукашэнкі і 230 адказных асоб. Потым ён зрабіў нясмелы рух за лібералізацыю, вызваліў некалькі палітвязняў, мы хацелі верыць, што гэта добры знак, і мы знялі ўсе санкцыі. Зразумела, што зараз іх трэба будзе адкруціць назад. Адносіны з Расеяй гэтак жа складаныя, як і адносіны з Кітаем. Гэта шматграннік. З аднаго боку мы яе санкцыянуем, але з іншага — энергетычная залежнасць, якая для некаторых краін вельмі моцная. Расея выглядае па-рознаму для літоўцаў ці партугальцаў. Расея — акцёр міжнароднай палітыкі, які прагне вярнуцца да ўлады, і не адзіная краіна, якая адчувае старую імперскую спакусу. Хочаш ты ці не, існуе шмат праблем, па якіх нам даводзіцца сутыкацца з Расеяй, каб паспрабаваць вырашыць пытанні, ад Арктыкі да Сірыі. Калі Пуцін дзейнічае, як спачатку ў Сірыі, потым у Лівіі і ва Украіне, ён робіць гэта, выкарыстоўваючы свой ваенны патэнцыял і гатоўнасць дзейнічаць з пазіцыі рэгіянальнага гегемона. Яму было б лягчэй, калі б Еўразвяз не існаваў. Тады давядзецца мець справу з усімі краінамі паасобку, а некаторых можа і не быць. Праўда, у Францыі больш адкрытая пазіцыя з Расеяй. Але і Нямеччына выдатна разумее, што Расея — гэта рынак і пастаўшчык энергіі. Сітуацыя ў Польшчы і прыгранічных краінах, якія раней уваходзілі ў Савецкі Саюз, у прыватнасці, у краінах Балтыі, адрозніваецца. Праблема, якую мы маем у Еўропе, калі гаворка ідзе пра стварэнне агульнай знешняй палітыкі, заключаецца ў тым, што мы не маем аднолькавага бачання пагроз. Таму што ў нас няма адзінай гісторыі. Я прывяду прыклад: палякі лічаць, што яны абавязаны сваёй свабодай ЗША і Папе. І яны маюць рацыю. Але як грамадзянін Іспаніі, я думаю, што дыктатура Франка трымалася часткова дзякуючы падтрымцы ЗША і Ватыкану. Знешняя палітыка — гэта праекцыя астатняга свету на вашу гістарычную ідэнтычнасць.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.