Агнешка Рамашэўска просіць падтрымаць журналістаў



Дырэктар тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска звяртаецца да грамадскасці з просьбай дапамагчы і падтрымаць журналістаў незалежнага тэлебачання, якія за працу ў Беларусі сёлета атрымалі вялікія штрафы. Як распавяла у інтэрв’ю Антону Разумоўскаму Агнешка Рамашэўская, тэлеканал  TVP, да якога належыць «Белсат», адмаўляецца падтрымаць рэпрэсаваных журналістаў.

Агнешка Рамашэўская, дырэктар тэлеканала «Белсат».

– З пачатку года ў Беларусі рознымі спосабамі рэпрэсавана 27 журналістаў тэлеканала «Белсат»: карэспандэнты, аператары. Іх садзілі на суткі, каралі грашовымі штрафамі. Трэба было аплочваць юрыдычную дапамогу з боку адвакатаў. Аказваць фінансавую падтрымку ўласна самім журналістам. Магчыма, калі казаць пра бюджэты польскіх пазаўрадавых арганізацый, гэтыя сумы не настолькі вялікія, але, калі браць пад увагу ўзровень заробкаў у Беларусі, штрафы ўжо выглядаюць даволі сур’ёзнымі. Тым часам тэлеканал TVP (у структуру якога ўваходзіць тэлеканал «Белсат» – заўвага аўт.) не можа аплочваць гэтыя штрафы з-за таго, што не можа аказваць юрыдычную дапамогу сваім супрацоўнікам. У тэлеканала «Белсат» ёсць грошы на непасрэдную дзейнасць, на стварэнне праграм, таму я не ведаю пакуль якім чынам магу дапамагчы сваім журналістам, шукаць магчымасць ім больш заплаціць. Таму паўстала неабходнасць сістэмнага вырашэння падобнай сітуацыі. У Польшчы некаторы час з гэтым не было праблем: на падтрымку журналістаў ішлі грошы Міністэрства замежных спраў, фінансавая падтрымка была і з боку ЗША, але па невядомых прычынах зараз справа знаходзіцца ў тупіку. У Беларусі вельмі складаная сітуацыя з затрыманнямі журналістаў назіралася ў сакавіку і красавіку, і да сённяшняга дня праблема невырашана. Фонд, які дагэтуль займаўся падобнымі справамі, увесь час адмаўляе ў наянаўсці грошай на падтрымку беларускіх журналістаў, але я ведаю, што гэта не так – МЗС прызначыў на гэта сродкі. У заявах усе дэкларуюць сваю добрую волю, а ў выніку  атрымліваецца як ў польскай прымаўцы Wśród serdecznych przyjaciół psy zająca zjadły (Сярод шчырых сяброў сабакі зайца з’елі). Таму пакуль няма адказу на пытанне, што маюць рабіць рэпрасаваныя журналісты «Белсата».

РР: У Беларускай асацыяцыі журналістаў, іншых пазаўрадавых арганізацыях таксама няма грошай каб падтрымаць рэпрэсаваных журналістаў?

– Як паведаміў прадстаўнік БАЖ Міхась Янчук, арганізацыя ўжо не мае сродкаў на дапамогу журналістам, бо сёлета падобная падтрымка была аказана ўжо больш за сотні пакараных за сваю дзейнасць журналістаў. Канешне, каб знасці такія сродкі, трэба прайсці праз шматлікія бюракратычныя і доўгатэрміновыя працэдуры, трэба адпаведна скласці праект бюджэта і нават прадбачыць якой колькасці журналістам спатрэбіцца фінансавая падтрымка – у адным годзе больш, у іншым – менш. Немагчыма грошы з аднаго года перанесці на другі і гэтак далей. Пакуль жа з прыкрасцю трэба адзначыць, што і Еўрапейскія фонды, якія займаюцца падтрымкай правоў чалавека, не заўважаюць падобнай праблемы. Гэта паказвае, як насамрэч дапамагаюць людзям, якія змагаюцца ў Беларусі за правы чалавека.

РР: Магчыма патрэбная адмысловая арганізацыя, якая будзе займацца праблемамі журналістаў незалежных СМІ ў Беларусі.

– Наколькі ведаю, у Беларусі ўжо ёсць падобныя арганізацыі: «Вясна», «Беларускі хельсінскі камітэт», камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць», але я не ведаю, ці яны маюць зараз грошы на падтрымку журналістаў. Калі і так, то дзіўна, чаму яны не зробяць адмысловыя заявы. У любым выпадку, сітуацыя, калі мае журналісты могуць застацца без дапамогі, для мяне з’яўляецца непрымальнай, і я зраблю ўсё магчымае, каб яны такую дапамогу атрымалі. Мае бацькі ў 80-х гадах дапамагалі дзясяткам людзей, у тым ліку забастоўшчыкам-шахцёрам у 1988 годзе, дзякуючы як публічным ахвяраванням палякаў, так і грошам з-за мяжы. Цяпер і я не дапушчу да сітуацыі, каб рэпрэсаваныя супрацоўнікі «Белсата» засталіся без падтрымкі.

Як паведамляецца на сайце тэлеканала «Белсат», гэтай вясной з боку беларускіх спецслужбаў пачалося сапраўднае паляванне ў першую чаргу на тых рэпарцёраў, якія онлайн асвятлялі Маршы недармаедаў. Пад рэпрэсіўны каток найчасцей траплялі якраз журналісты, якія супрацоўнічаюць з  тэлеканалам «Белсат».

Рахунак, для збору грошай на аплату штрафаў, якім Белсату дазволіла скарыстацца Таварыства польскіх журналістаў (StowarzyszenieDziennikarzy Polskich):

PKO BP SA 17 1020 1097 0000 7802 0262 0524

SWIFT: BPKO PL PW, IBAN:PL

Атрымальнік і адрас: Zarząd Główny SD

Foksal 3/5, 00-366 Warszawa

Прызначэнне плацяжу:  «Pomoc represjonowanym dziennikarzom Biełsatu»

Усе грошы, якія будуць сабраныя вышэй неабходнай сумы штрафаў, будуць адкладзеныя на «жалезны» фонд, які будзе чакаць на наступную падобную сітуацыю, якая, на жаль, можа адбыцца зноў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя