АГП збірае подпісы супраць будаўніцтва спецпаліклінікі



Аб’яднаная грамадзянская партыя збірае подпісы супраць будаўніцтва спецпаліклінікі. “Адмяніце будаўніцтва новай спецпаліклінікі для чыноўнікаў. Няхай лечацца, як усе!…На гэтыя грошы – пабудаваць паліклінікі для грамадзян і закупіць для іх новае абсталяванне!” – гаворыцца ў петыцыі, размешчанай на сайце change.org.

Размова ідзе пра медычную ўстанову, якая мае паўстаць у раёне Ждановічы для вышэйшага чынавенства, кошт якой складае 100 мільёнаў еўра. Каментуе сябра АГП Віктар Карняенка:

– Што такое чэргі ў звычайных клініках? Гэта жах. І чыноўнікі пра гэта ведаюць, але ўціхую займаюцца ўладкаваннем свайго ўласнага жыцця і жыцця сваіх блізкіх, не звяртаючы ўвагі на праблемы людзей. Хоць гэта іх абавязак і гонар, ды і балбатні на гэты конт па тэлебачанні хапае. А ў жыцці ўсё зусім не так.

На грошы, якія выдаткоўваюцца на медычную ўстанову для чыноўнікаў, можна пабудаваць чатыры звычайныя паліклінікі, ды закупіць абсталяванне для дзясятка лячэбных установаў – звяртаюць увагу партыйцы. Як прыклад, яны прыводзяць прэзідэнта Літвы Далю Грыбаўскайтэ, якая ў 2011 годзе добраахвотна адмовілася ад паловы свайго заробка.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kontinentusa.com