Агучана колькасць хворых на каронавірус па Берасцейшчыне



Сто дванаццаць чалавек хворыя на каронавірус у Берасцейскай вобласці. Гэта вынікае са статыстыкі, што была агучаная сёння, 17 красавіка, у Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у часе прэсавай канферэнцыі:

– Такім чынам, колькасць станоўчых тэстаў на COVID-19 за некалькі дзён зноў вырасла амаль у два разы. Берасцейшчына па-ранейшаму трымаецца на перадапошнім месцы ў Рэспубліцы. Для параўнання — на Гарадзеншчыне зараз толькі каля васьмідзесяці выпадкаў. Калі паглядзець на агульную колькасць захворванняў па краіне, то на Берасцейскую вобласць прыходзіцца два з паловай працэнты інфікаваных.

На Яндэкс-мапе каронавірус пазначаны ў такіх раёнах як Берасцейскі, Камянецкі, Бярозаўскі, Івацэвіцкі, Лунінецкі, Столінскі, Пінскі, Ганцавіцкі і Баранавіцкі. Пакуль захворванне не зафіксавана ў Маларыцкім, Жабінкоўскім, Кобрыньскім, Драгічынскім і Пружанскім раёнах.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце