Шукаюць парэшткі загінулых вайскоўцаў дзвюх войнаў



Пошукавы атрад грамадскага аб’яднання “Айчына” Рэспублікі Татарстан сумесна з беларускай пошукавай грамадскай арганізацыяй “Бацькаўшчына” ужо некалькі тыдняў вядуць пошукі загінулых воінаў Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Зэльвенскага і Слонімскага раёнаў. З Рэспублікі Татарстан у Беларусь прыехалі каля 70 чалавек, у асноўным гэта студэнты вышэйшых навучальных устаноў Татарстана, якія разам з беларусамі вядуць пошукі воінаў каля рэчкі Зальвянкі на Зэльвеншчыны, а таксама ў раёне Бяздоннага возера і ў вёсцы Клепачы на Слонімшчыне.

Акрамя гэтага, госці з Татарстана правялі Вахту памяці на мусульманскіх могілках у Слоніме. Яны не толькі памянулі загінулых воінаў-татараў падчас Першай і Другой сусветных войнаў, але і дапамаглі слонімскім мусульманам падняць і ўсталяваць старыя помнікі на могілках. Па словах імама-старшыні аб’яднання мусульман Слонімшчыны Сулеймана Байрашэўскага, былі ўсталяваны каля 30 надмагільных помнікаў, сярод якіх адноўлены помнікі 1850, 1874, 1900 гадоў. А ў наступным годзе сябры грамадскага аб’яднання “Айчына” Рэспублікі Татарстан сумесна з беларускай пошукавай грамадскай арганізацыяй “Бацькаўшчына” правядуць пошукі воінаў Казанскай дывізіі ў Мастах.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара