Аляксандр Балоннікаў: Кожны хрысціянін павінен саўваскрэснуць разам з Хрыстом



Вернікі Беларускай праваслаўнай Царквы рыхтуюцца да свята Вялікадня. Гэтае свята даўняе, і нязменнае па сваёй задачы і перажываннях. Гэты дзень выяўляе сапраўды добрыя справы чалавека, яго міласэрнасць. Шлях наследавання Хрысту – несмяротная задача душы.

Аляксандр Балоннікаў

Кажа настаяцель Каложскай царквы ў Гародні, айцец Аляксандр Балоннікаў.

РР: Якія асаблівыя практыкі і адчуванні нясе сёлетняе свята?

– Сёлетняе свята Уваскрасення Хрыстовага нясе тыя самыя перажыванні, як і кожны год. Кожны хрысціянін павінен саўваскрэснуць разам з Хрыстом. І гэта трэба вельмі ясна адчуць кожнаму з нас. Мы па асабліваму рыхтуемся да свята Пасхі Гасподняй, мы ўзгадвалі тое, як Хрыста памазала жанчына мірам, падрыхтоўваючы яго да пахавання пасля таго, як ён будзе распяты і памрэ. І ў той жа час узгадвалі той пацалунак Іуды, якім ён быў прададзены. У Вялікі Чацвер да Святой Еўхарыстыі, узгадваючы тую таямнічую вячэру, якую здзейсніў Хрыстос са сваімі вучнямі апошні раз тут на Зямлі. Ужо ўвечары мы пачуем 12 страсных Евангелляў. І ўсё гэта павінна дапамагчы нам паразважаць аб тым, дзеля чаго Хрыстос прыходзіць на зямлю, і прыносіць такую вялізарную ахвяру – Галгофскія пакуты Бога-чалавека. Не проста чалавека, не звычайнага чалавека. А разам з чалавекам сам Бог нясе гэты крыж, уваходзіць на гэты крыж, і праходзіць усе пакуты.

РР: Найбольш цікавым і контраверсійным у свеце з’яўляецца тэма вайны, а таксама адказу на зло. Апостал Пётр ажыццявіў акт гвалту, спрабуючы абараніцца. Як Вы асабіста ставіцеся да тэмы крыжовых паходаў за веру? Ці апраўданы яны з гледзішча чалавека, які мусіць ісці шляхам любові?

– Мне падаецца, што няма ніякай сувязі паміж тым, што апостал Пётр хацеў заступіцца за свайго вялікага настаўніка і збавіцеля Госпада Ісуса Хрыста, які дастаў меч з похвы, і крыжовымі паходамі. Бо Хрыстос адказаў Пятру, гэты адказ тычыцца і кожнага з нас: пакладзі, схавай меч у похву. Бо кожны хто прыйдзе з мячом, ад мяча і загіне.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Вялікдзень – гэта свята перамогі святла над цемрай. Жыцця над смерцю. У храмах Беларусі Вялікая Субота азначаецца ўсяночнай службай, з крыжовымі працэсіямі. Заканчэнне якіх заканчваецца воклічамі: Хрыстос Уваскрос!

Беларускае Радыё Рацыя