Ахова гіпермаркета выклікала на праваабаронцаў міліцыю



Сябры гомельскай «Вясны» ладзілі акцыю, прысвечаную Міжнароднаму дню правоў чалавека.

Гомельская філія праваабарончага цэнтру «Вясна» у межах дня Правоў чалавека распаўсюджвала газету «Народная воля». Гэта быў спецвыпуск, прысвечаны прыняццю Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Як паведаміў сябра «Вясны» Анатоль Паплаўны, праваабаронцы спачатку праводзілі акцыю ў памяшканні аднаго з гіпермаркетаў горада. Аднак пасля таго, як адміністрацыя крамы папрасіла пакінуць гандлёвую залю, сябры «Вясны» працягнулі распаўсюд газеты ў 50 метрах ад крамы. Ахоўнік гіпермаркета выклікаў міліцыю. Аднак супрацоўнікі праваахоўных органаў пасля праверкі дакументаў не знайшлі падставаў для затрымання праваабаронцаў.

Дзень правоў чалавека з’явіўся паводле прапановы Генеральнай асамблеі ААН. І з 1950 года адзначаецца штогод.

Беларускае Радыё Рацыя