Грузавік урэзаўся ў натоўп у цэнтры Стакгольма (абноўлена)



Шведская паліцыя не арыштоўвала падазраванага ў стакгольмскім тэракце. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Кіраўнік паліцыі таксама заявіў, што ўлады не мелі звесткі аб рыхтуемым нападзе.

Раней 7 красавіка прэм’ер-міністр краіны Стэфан Лёвен паведаміў, што паліцыі ўдалося злавіць падазраванага ў тэракце.

Паводле наяўнай інфармацыі, тры чалавекі загінулі, прынамсі восем чалавек – атрымалі раненні.

У горадзе ўзмоцнены меры бяспекі. Паведамляецца аб прыпыненні руху па ўсіх лініях метрапалітэна Стакгольма. Нарады паліцыі патрулююць памяшканне вакзала. Пад узмоцненую ахову ўзяты будынак парламента Швецыі. Улады звярнуліся да жыхароў бліжэйшых дамоў з заклікам не пакідаць кватэры.

***

У Стакгольме затрымалі падазраванага ў тэракце. Інфармацыю аб затрыманні пацвердзіў прэм’ер-міністар краіны Стэфан Лёвен.

Беларуска Лана Руднік з Гародні апынулася побач з месцам здарэння. У фэйсбуку яна піша: “Грузавік на вялікай хуткасці ехаў па адной з цэнтральных вуліц і збіваў людзей. Мы ўбачылі натоўп бягучых людзей. Чуем сірэны машын хуткай дапамогі”.

Шведскі бровар Spendrups паведаміў, што сёння быў выкрадзены грузавік, які належыць гэтай кампаніі. Як паведамлялася,  інцыдэнт адбыўся на адной з самых ажыўленых пешаходных вуліц гораду — Дротнінгатан.

Фота Reuters

***

Пры наездзе грузавіка на пешаходаў у цэнтры Стакгольма ў пятніцу, 7 красавіка, загінулі тры чалавекі. Пра гэта са спасылкай на Радыё Швецыі паведамляе РІА Навіны.

Па словах відавочцы, грузавік на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў людзей, якія гулялі па галоўнай пешаходнай вуліцы шведскай сталіцы. Машына спынілася пасля таго, як уехала ў вітрыну адной з крамаў. Хто знаходзіўся за рулём, не ўдакладняецца.

Газета Aftonbladet раней паведаміла, што ёсць пацярпелыя. На месцы інцыдэнту працуюць паліцэйскія, ратавальнікі і медыкі. Людзей эвакуююць з цэнтра горада.

У паліцыі не выключаюць, што тое, што адбылося, магло быць тэрактам, перадае Reuters.

Прэм’ер-міністр Швецыі Стэфан Левен заявіў: усё паказвае на тое, што гэта быў спланаваны напад. На ўсялякі выпадак у горадзе цалкам закрылі метро.