Аксана Колб: Спробы знішчыць медыя ў век інтэрнэту з’яўляюцца смешнымі
У Менску затрыманы і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту фотакарэспандэнт газеты „Новы час” Дзмітрый Дзмітрыеў. Па словах галоўнага рэдактара гэтага выдання Аксаны Колб, падобныя адвольныя і беспадстаўныя затрыманні ўжо перасталі быць нечаканасцю. Але калі ўлады думаюць паралізаваць страхам дзейнасць незалежных СМІ, то яны памыляюцца. Пагрозы толькі падштурхоўваюць працаваць больш актыўна.
„Бадзёра працуецца. Адчуваем, што нас усё менш і менш тут на Радзіме, і журналістам, якія з’ехалі зараз вельмі складана. Таму такая адказнасць сваеасаблівая. Агульна- бадзёра. Кожная раніца як апошняя. Мы разумеем, што павінны зрабіць як мага больш, бо невядома ці зможам штосці зрабіць заўтра.”
Спробы знішчыць медыя ў век інтэрнэту з’яўляюцца смешнымі. Пагром некалькіх рэдакцыяў у Беларусі не спыніў іх працы. Сайты Нашай Нівы, Радыё Свабоды, ТУТ. БАЙ (пад назвай Зеркало) працягваюць функцыянаваць і аператыўна абнаўляцца, – кажа Аксана Колб.
Беларускае Радыё Рацыя
