Аксане Колб прысудзілі 2,5 года „хіміі”
У судзе Цэнтральнага раёна Менска, сёння, 15 чэрвеня, вынеслі прысуд палітзняволенай рэдактарцы «Новага Часу» Аксане Колб — 2,5 года хіміі, як і прасіў бок абвінавачання. Аксану вызвалілі ў зале суда.

Суд прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў дэманстрацыях пратэсту падчас прэзідэнцкіх выбараў. “ Я зараз не ведаю дзе горш, за кратамі, ці тут, на волі,” – сказала Аксана Колб паплечнікам, якія прыйшлі прывітаць яе на волі.
-Там хаця б не ведаеш усяго таго, што адбываецца у краіне, што адбываецца ва Украіне. Ад гэтага лягчэй і прасцей. Не магу сказаць, што гэта надта скрушна.
РР: Што найбольш дапамагала трымацца там?
Аксана Колб: Я не магу сказаць, што там трэба быдо трымацца. Насамрэч жыццё ідзе і там. Я ж ведала, што такое будзе. Я ведала, што рана ці позна я там апынуся. І я была гатовая да гэтага маральна і фізічна. Нічога страшнага для мяне не адбылося. Па той бок кратаў даволі цікавае жыццё. Такі зрэз грамадства, які варта было б ведаць шмат каму. Вельмі шмат палітычных, шмат за наркотыкі. Шмат жанчын, якія сплачваюць аліменты на дзяцей, але не могуць іх сплаціць і не вылазяць з месцаў пазбаўлення волі.
РР: Пасля гэтага ў Вас з’явілася больш песімізму?
Аксана Колб: Не, мне здаецца, яшчэ больш аптымізму. Усё будзе добра. Абавязкова.
Аксана Колб дадала, што з прысудам не згодная і бліжэйшым часам абскардзіць яго.
Рэдактарку «Новага Часу» абвінавацілі ва ўдзеле ў маршы пратэсту 16 жніўня 2020 года. Доказам “віны” стаў фотаздымак Аксаны з вялізным бел-чырвона-белым сцягам. Суд над Аксанай распачаўся 7 чэрвеня. Тады пракурор запатрабаваў для палітзняволенай 2,5 года “хіміі” — абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Тады ж пра кампенсацыю сваёй “шкоды” заявіў Мінсктранс, які выступае з традыцыйным пазовам за “перакрыццё дарог” да амаль усіх удзельнікаў пратэстаў. Пару хвілін знаходжання Аксаны на праезнай частцы дарогі, нібыта, нанеслі Мінсктрансу, які датуецца з бюджэту, шкоду на суму 5980 рублёў 11 капеек.
Беларускае Радыё Рацыя
[manual_related_posts]