Акцёр, псіхолаг, паліглот і проста Дзед Мароз



Алег Рыхтар распачаў «кар’еру» самага папулярнага навагодняга персанажа яшчэ ў студэнцкія гады. Сёння ён, акцёр беларускага тэатру «Лялька», цвёрда перакананы, што самыя ўдзячныя гледачы – гэта дзеці, і няважна, дзе яны сустракаюць Дзеда Мароза – на тэатральнай сцэне або на ранішніку ў садку.

Даводзілася Алегу Рыхтару быць і Санта Клаусам, выступаючы ў нядзельнай школе пры латышскім консульстве. Зрэшты, ягоны Дзед Мароз можа павіншаваць з Новым годам і па-нямецку, і па-французску – дзякуючы схільнасці да вывучэння моваў і шматлікім гастролям у розных краінах. Але найбольш яго радуюць выступы ў дзіцячых садках, калі дзеці выступаюць па-беларуску:

– Другі год такая ёсць устаноўка ў дзіцячых садках праводзіць карагоды на беларускай мове. Дык я дапамагаю музычным матэрыялам. І ёлку запальваем па-беларуску. І ў гэтым годзе ў садку, ведаючы, што я люблю, каб чыталі па-беларуску, амаль уся група вершы расказала на беларускай мове.

У адным з дзіцячых садкоў Алега Рыхтара запрашаюць на навагоднія ранішнікі ўжо 20 гадоў запар. У сезон выступленняў можна няблага зарабіць, праўда, усе грошы ідуць на тое, на што заўжды бракуе невялікага акцёрскага заробку – на новы тэлевізар ці на рамонт у кватэры. Але віцебскі Дзед Мароз не бядуе: гэтая роля даўно стала для яго не крыніцай прыбытку, а часткай жыцця:

– У мяне ўжо арганізм як у сапраўднага Дзеда Мароза: адмаўляецца ад ежы прыкладна з 18-га снежня. Практычна толькі сокі і вада. Бо калі наясіся, а потым пойдзеш скакаць у тым футры, дык звалішся, і сэрца спыніцца! А потым, калі ўсё сканчаецца, тады зноўку набіраю вагу – тады дужа есці хочацца!

Алег Рыхтар кажа, што навучыўся з першага позірку вызначаць, які настрой у дзіцяці, якая ў яго сям’я, ці атрымаецца адразу ўсталяваць кантакт або для гэтага трэба прыкласці пэўныя намаганні. За час працы даводзілася нават рабіць цуды – дапамагаць справіцца з хваробай або залячыць рану на душы. Таму галоўнае для Дзеда Мароза – не акцёрская спрактыкаванасць, а гатоўнасць да спагады і любові, лічыць Алег Рыхтар.

Цалкам гутарку з віцебскім Дзедам Марозам слухайце ў далучаным файле:

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя