Акцыя да Дня Волі на плошчы Каліноўскага



На 101-я ўгодкі БНР актывісты Руху салідарнасці “Разам” – святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Вікенцій і сустаршыня Руху Алена Талстая – выйшлі на плошчу Каліноўскага ў Менску (афіцыйная назва Кастрычніцкая) з бел-чырвона-белым сцягам і плакатам “Дзень Волі ў няволі”.

Вось, што сказала спадарыня Алена за колькі хвілін да акцыі.

– Па-першае, я хачу павіншаваць усіх беларусаў з нашым найвялікшым святам – Днём Волі. Каторы раз, за гэтыя больш чым 20 год, у нас Дзень Волі ўлады проста скралі. Ёсць такія гады, калі людзі проста не могуць вольна выйсці на вуліцу, каб годна адсвяткаваць свой Дзень Волі. Так было ў 2004 годзе, калі адзіным выйсцем было проста прыкавацца на плошчы Каліноўскага, што і зрабіў Вячаслаў Сіўчык са сваімі сябрамі, так і ў гэтым годзе, калі ў Дзень Волі заганяюць у інышя гарады, у далёкія нейкія ўскраіны Менска, заганяюць на Курапаты, абы толькі Дня Волі не было на галоўнай плошчы Менска – на плошчы Кастуся Каліноўскага.

Айца Вікенція праваахоўнікі ў цывільным забралі ў сіні бусік і звезлі на самым пачатку акцыі. Алена Талстая паспела прымкнуць сябе да ліхтарні металёвым тросам. Людзі ў цывільным парвалі плакат і выклікалі пажарную машыну МНС, каб перарэзаць яго. Спадарыні Алене ўдалося прастаяць на плошчы каля дваццаці хвілін.

[Not a valid template]

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск