Акцыя “Мы разам” у Глыбокім
Каля дзвесце чалавек з Віцебскай вобласці сабраліся на акцыю “Мы разам” у Глыбокім. Яна ладзілася каталіцкай парафіяй Святой Тройцы сумесна з дабрачыннай арганізацыяй “Карытас” пры падтрымцы ахвярадаўцаў і валанцёраў. У ёй бралі ўдзел людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх апекуны і прадстаўнікі сацыяльных цэнтраў. Акцыя праводзілася з мэтай прыцягнення ўвагі да патрэбаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх правоў.
Паводле аднаго з арганізатараў мерапрыемства, ксяндза Мікалая Ціхановіча, у нашым грамадстве існуе яшчэ нейкая савецкая ментальнасць, калі людзі хаваюць па дамах сваіх хворых дзяцей і блізкіх. А некаторыя грамадзяне нават лічаць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі ўвогуле павінны жыць толькі ў сацыяльных дамах або абмежаванай прасторы.
– Мы ўжо некалькі год думаем, як абудзіць грамадства і зрабіць уражлівымі на праблему інваліднасці. Але, на жаль, вельмі слаба гэта ідзе. Бо калі мы арганізоўваем такія мерапрыемствы, то мы бачым, што гэта мы арганізоўваем ўнутры сябе. Касцёл зацікаўлены, “Карытас” зацікаўлены, канкрэтныя цэнтры інвалідаў зацікаўлены, а нейкі больш шырокі спектар, на жаль, не існуе.
Як кажа Мікалай Ціхановіч, трэба памятаць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі – гэта частка грамадства, трэба дапамагаць ім адаптавацца ў соцыуме. Бо любы здаровы чалавек па волі лёсу, у адно імгненне, можа таксама займець інваліднасць і стаць гэтай часткай грамадства.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
