Акцыя памяці айца Вінцэнта Гадлеўскага



24 снежня 1942 года нацысты закатавалі святара – пробашча менскага касцёла святых Сымона і Алены, інспектара беларускіх школаў, лідара Беларускага нацыянальнага супраціву. Група менчукоў прыехала ў Трасцянец на месца смерці айца Вінцэнта Гадлеўскага, каб ушанаваць яго памяць.

2014-12-24_Zavalnia_usanavannie_ks.Hadleuskaha_fota4

Кажа намеснік старшыні Руха Салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў:

– Айцец Вінцэнт Гадлеўскі – пакутнік за нашую незалежную Беларусь, за лепшую будучыню. Ён быў з тых змагароў, якія стаялі на пачатку адраджэння БНР. Ён уваходзіў у склад кіраўніцтва БНР. Падчас ІІ Сусветнай вайны быў каардынатарам Беларускага супраціву за незалежную Беларусь супраць нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. Ён марыў адбудаваць Беларускую нацыянальную дзяржаву.

Удзельніца акцыі Ніна Багінская заклікае ўсіх людзей да ўшанавання памяці айца Вінцэнта:

– Хутка, у 2018 годзе, споўніцца 130 год з дня нараджэння Вінцэнта Гадлеўскага. Мы мусім годна адзначыць гэты юбілей: трэба выдаць марку, манету, выдаць кнігу пра гэтага выдатнага нацыянальнага дзеяча. Бо ніхто так як ён не клапаціўся, каб тут панавала наша беларуская школа, наша мова. Я прашу ўсіх свядомых людзей далучыцца да ўшанавання імя Гадлеўскага.

Удзельнікі мерапрыемства зазначылі, што сучасная ўлада нічога не робіць для таго, каб ушанаваць памяць нацыянальнага героя і ўвесь час чыніць нейкія перашкоды. Сёлета дарога да месца пахавання была засыпана пяском і смеццем.

Адам Завáльня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара