Акцыя салідарнасці ля Менскага электратэхнічнага завода
Каля прахадной Менскага электратэхнічнага завода прайшла акцыя ў падтрымку звольненых удзельнікаў страйку, у тым ліку былога вядучага інжынера прадпрыемства Віталя Чычмарова.
Як паведаміў БелаПАН Чычмароў, яго звольнілі 2 лістапада, калі ён знаходзіўся ў адпачынку. У гэты дзень яму не ўдалося прайсці на прадпрыемства і ён не змог пагутарыць з супрацоўнікамі.
„Сёння я прыехаў да прадпрыемства, яны выйшлі, я з імі пагаварыў, і яны правялі невялікую акцыю супраць звальнення”, — распавёў Чычмароў. На пытанне, які настрой у работнікаў прадпрыемства, ён заўважыў: „Працоўныя вельмі перажываюць з-за звальнення калегаў. Прадпрыемства не можа ў поўным аб’ёме працаваць, пакуль не знайшлі замену зваршчыкам з 16-га цэха. Ёсць інфармацыя, што пераводзяць зваршчыкаў з БелАЗа. Наколькі гэта дапаможа і што будзе далей, ніхто сказаць не можа”.
Як паведамлялася, работнікі Менскага электратэхнічнага завода 26 кастрычніка пачалі страйк.
Праз некалькі дзён з розных прычын былі звольненыя 25 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belsat.eu
