Акцыя супраць „дармаедскага дэкрэту” прайшла ў Маскве
У Маскве адбылося пікетаванне беларускай амбасады. Акцыю правялі чальцы незарэгістраванага Беларускага левага фронту, якія апынуліся ў Расеі ў пошуку працы. “Мы – не дармаеды, а твае працадаўцы!” – асноўны пасыл пікітоўцаў да Лукашэнкі. Лідар Беларускага левага фронту Дзмітрый Кудранок адзначыў, што гэта не толькі патрабаванне адмяніць сумнавядомы Дыкрэт №3, але і салідарнасць з усімі беларусамі, якія ад беспрацоўя на Радзіме апынуліся ў Расеі. Беларускія гастарбайтэры хочуць дадому, але вернуцца, калі зменіцца эканамічная сітуацыя:
– Людзі хочуць дадому, у іх тут сем’і, бацькі і праблемы, якія трэба вырашаць. Людзі стаміліся бегаць па ўсім свеце і хочуць вярнуцца на Радзіму.
Пікітоўцаў расейская паліцыя не чапала, але з беларускай амбасады выйшаў чалавек у форме супрацоўніка КДБ і пачаў запісваць відэа. Напрыканцы ўдзельнікі перадалі свае патрабаванні беларускаму амбасадару.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота embassybel.ru