Акцыя ў падтрымку пажылых і адзінокіх людзей



У Слоніме, 26 верасня, адбылася акцыя “Турбота”. Яе правялі супрацоўнікі Слонімскага аддзялення “Таварыства Чырвонага Крыжа”” сумесна з валанцёрамі Слонімскага медыцынскага каледжа.

Акцыя праходзіла ў самым цэнтры Слоніма, а таксама на гарадскім рынку. Валанцёры падыходзілі да людзей і тлумачылі, што яны збіраюць сродкі для адзінокіх састарэлых людзей і для пажылых. Хто жадаў дапамагчы – апускалі ў скрыначкі грошы. А на рынку многія гандляры замест грошай давалі туалетныя прынадлежнасці, адзенне, абутак. Выконваючы абавязкі старшыні Слонімскага аддзялення “Таварыства Чырвонага Крыжа” Людміла Іванова сказала, што сабраныя сродкі і рэчы ў бліжэйшы час будуць перададзены ў Новадзявяткавіцкі дом-інтэрнат Слонімскага раёна.

“Падобныя акцыі ў Слоніме мы праводзім даволі часта. Апошняя з іх была ў канцы жніўня і мела назоў “Падрыхтуем дзяцей у школу”. Падчас той акцыі мы сабралі больш за 500 тысяч рублёў. На гэтыя сродкі купілі і перадалі дзецям-сіратам школьныя прынадлежнасці. А сродкі ад сённяшняй акцыі пойдуць для састарэлых і адзінокіх людзей, якія знаходзяцца ў Новадзявяткавіцкім доме-інтэрнаце, які мы наведаем, пакажам людзям канцэрт і ўручым падарункі”, – сказала нашаму карэспандэнту Людміла Іванова.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара