Актывіста засудзілі да 690 рублёў штрафу за рэпост у сацсетках



Адміністратара суполкі „Тунедцаў ды сацыяльных утрыманцаў” у сацыяльнай сетцы ВКонтакте аштрафавалі на 30 базавых велічынь (690 беларускіх рублёў) за быццам заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Малады чалавек зрабіў перапост інфармацыі пра акцыю Ланцуг Памяці, якая прайшла каля будынку КДБ у Менску 29 кастрычніка.

Кажа Ігар Кляшчук:

Я задаволены тым, што мяне хаця б не пасадзілі на суткі. Як сказаў адвакат – гэта максімальны штраф па гэтым артыкуле – 30 базавых велічынь. Але я вельмі незадаволены, што з’яўляюся падазроным па 328 артыкуле (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Атрымоўваецца, што дзеля адной справы была распачатая іншая. Лічу такое стаўленне да мяне незаконным.

Актывіст лічыць пераслед палітычна матываным і плануе абскардзіць вырак суда.

Першапачаткова супрацоўнікі праваахоўных органаў сказалі Ігару Кляшчуку, што яго падазраюць у продажы наркотыкаў праз інтэрнэт. У яго кватэры быў праведзены вобшук, а пасля дагляду канфіскаваных кампутараў ды жорсткага дыску яму было прад’яўленае абвінавачванне ў парушэнні артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя, Менск