Актывіст: Байкот рэферэндума нерэальны



27 лютага ў Беларусі адбудзецца рэферэндум па чарговых зменах у Канстытуцыі. Палітыкі дэмакратычнага блоку прапануюць два варыянты. Зянон Пазьняк катэгарычна выступае за байкот. Святлана Ціханоўская – за псаванне бюлетэняў, калі значкі ставяцца адразу ў дзвюх клетках, бюлетэнь фатаграфуецца і адсылаецца на платформу Голас. Людзі больш схільны да прапановы Ціханоўскай, паколькі правесці байкот немагчыма чыста тэхнічна, кажа актывіст з беларускага боку:

– Байкот нерэальны, тым больш, 5 дзён датэрміновага галасавання. Пастрояць калектыў, прыгоняць аўтобус, адвязуць і людзі прагаласуюць як міленькія. Асабліва ў малых гарадах, дзе вельмі напружаная абстаноўка з працаўладкаваннем.

Але тэхнічны момант па Ціханоўскай могуць сарваць улады, якім не да законаў. І першы крок замацаваны: кабінкі без шторак, каб не заразіцца каронавірусам. Калі звозяць па некалькі тысяч на розныя сходы без масак і прафілактыкі ў размяшчэнні, гаворыць мужчына:

– Пасадзяць міліцыянта на ўваходзе, заходзіш на ўчастак – „тэлефон пакіньце, калі ласка”. І ўсё, а адмовішся – будзеш затрыманы за непадпарадкаванне. Сапсаваць бюлетэнь не сфатаграфаваў – ні аб чым.

Паводле актывіста, надзейны варыянт, калі ўзяць з сабой згорнуты ліст А4 і кінуць у скрынку, а бюлетэнь забраць з сабой, каб дома сфатаграфаваць і адаслаць у „Голас”. Бюлетэнь пакінуць як доказ.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]