Актывіст Максім Вінярскі арыштаваны на 10 сутак



Затрыманы 21 сакавіка ў Менску апазіцыйны актывіст Максім Вінярскі арыштаваны на 10 сутак, паведамляе сайт spring96.org.

Як стала вядома праваабаронцам, Вінярскага затрымалі на вуліцы, калі той гуляў з сабакам. Ён быў дастаўлены ў РУУС Першамайскага раёна, а затым у суд Першамайскага раёна, дзе яго асудзілі на 10 сутак. Актывіст пакараны за акцыю салідарнасці з заблакаваным інтэрнэт-рэсурсам „Хартыя’97”. 13 сакавіка ў Мінску ён вывесіў каля парку Чалюскінцаў расцяжку з надпісам „Свабоду Хартыі`97”.

Як паведамлялася, 21 сакавіка ў Менску таксама затрыманы сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэса паэт Уладзімір Някляеў і сустаршыня руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык (абедзве арганізацыі не зарэгістраваныя ў Беларусі). Усе яны з`яўляюцца прыхільнікамі правядзення 25 сакавіка шэсця, забароненага Мінгарвыканкамам. Някляеў і Сіўчык змешчаны ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Праваабаронцы мяркуюць, што падставай для затрымання перад планаваным шэсцем сталі раней не адбытыя арышты.

Ініцыятар шэсця, яшчэ адзін сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч не затрыманы.