Актывістам „Еўрапейскай Беларусі” Войнічу і Афнагелю выстаўленае абвінавачанне



 Двум актывістам кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Андрэю Войнічу і Яўгену Афнагелю выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), паведамляе тэлеграм-канал кампаніі.

Санкцыя артыкула, які ім інкрымінуецца, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў. На гэты момант актывісты знаходзяцца ў СІЗА № 1 у Менску.

Яшчэ адзін актывіст кампаніі Павел Юхневіч застаецца пад вартай, верагодна, яму таксама выстаўленае абвінавачванне.

Нагадаем, 25 верасня былі жорстка затрыманыя пяцёра актывістаў „Еўрапейскай Беларусі” Ягор Літвінка, Андрэй Войніч, Анастасія Кірык, Павел Юхневіч і Яўген Афнагель. Іх затрымалі ў рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Тры актывісты — Войніч, Юхневіч, Афнагель — адразу былі змешчаныя ў ізалятар на Акрэсціна, а праз некалькі дзён — у СІЗА № 1 у Мінску, дзе знаходзяцца і да цяперашняга моманту. Анастасію Кірык і Ягора Літвінку адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Грамадзянская кампанія „Еўрапейская Беларусь” была створаная ў 2008 годзе, яе ініцыятарамі сталі вядомыя апазіцыйныя палітыкі Андрэй Саннікаў, Міхаіл Марыніч, Мікалай Статкевіч, Віктар Івашкевіч. Галоўныя мэты кампаніі — барацьба за вызваленне палітвязняў, правядзенне свабодных дэмакратычных выбараў і ўваходжанне Беларусі ў ЕС. У 2011 годзе прадстаўніцтвы „Еўрапейскай Беларусі” былі зарэгістраваныя ў Літве і Польшчы.

belapan.by