Актывістка Юлія Юхно спрабуе дапамагчы беларусам у Італіі



Беларуская актывістка Юлія Юхно, прадстаўніца асацыяцыі беларусаў у Італіі «Supolka» сустрэлася з дэпутатам Еўрапарламента і генеральным сакратаром дэмакратычнай партыі Італіі рэгіёна Таскана Сімонай Банафе.

 Юлія так каментуе гэтую сустрэчу:

–  Я да гэтага яшчэ правяла тры сустрэчы з палітыкамі з дэмакратычнай партыі Італіі ў розных рэгіёнах, у розных гарадах. Мы з імі абмяркоўвалі тое, што мы можам зрабіць, каб парадак дня Беларусі стаў гучаць крыху гучней, каб голас беларусаў быў пачуты нарэшце. Мая асноўная задача – гэта праблема легалізацыі і дакументаў для палітычных бежанцаў.

Па словах Юліі Юхно, у беларускіх бежанцаў у Італіі шмат праблем:

– Няма такой спецыяльнай праграмы, якая б дапамагла беларусам уладкавацца і інтэгравацца ў італьянскае грамадства. Гэта вялікая праблема, таму што я ведаю, што людзі прыязджаюць сюды. А пасля праз некаторы час з’язджаюць, таму што няма ніякай падтрымкі, не ведаюць мовы, і няма дапамогі. Усё ж такі ў гэтым плане Польшча ідзе ў вялікім адрыве.

Юлія Юхно канстатуе, што па ўсёй Італіі раскідана больш за 10 тысяч беларусаў, і ў некаторых гарадах на палітычныя акцыі збіралася ад 50 да 100 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]