Актывістку з Пружанаў Алену Гнаўк асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі



У судзе Пружанскага раёна 17 чэрвеня вынеслі прысуд 65-гадовай палітзняволенай Алене Гнаўк — тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў.

Такое рашэнне вынес суддзя Юрый Жытко па запыту пракурора. Алену прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) за восеньскія пасты ў Facebook і Instagram пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі. З 2020 года Алену мэтанакіравана пераследавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавых велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі па „справе карагодаў” і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах. Пад вартай Алена ўтрымліваецца ўжо пяць месяцаў. 

11 студзеня 2022 года Алену затрымалі ў чарговы раз і арыштавалі на 15 сутак за парушэнне рэжыму адбывання „хатняй хіміі” ў сувязі з апошнім затрыманнем у снежні. У пружанскім ІЧУ ёй забаранілі перадачы, чытаць і пісаць. У знак пратэсту Алена абвясціла галадоўку. 

З „сутак” пенсіянерку не выпусцілі — супраць яе ўзбудзілі дзве крымінальныя справы па арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Згодна з матэрыяламі справы Гнаўк 23 лістапада 2021 года размясціла ў сацыяльных сетках Facebook і Instagram «загадзя ілжывыя звесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». У пастах Алена распавядала пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі. Паклёп на Лукашэнку выявілі ў „звароце” да яго. 

Напачатку траўня Алена Гнаўк абвяшчала галадоўку за кратамі. Яна патрабавала, каб лісты, якія яна напісала, даходзілі адрасатам. Алена трымала галадоўку больш за тыдзень і дамаглася таго, каб ёй пачалі аддаваць лісты.

Пачалі судзіць Алену 13 траўня ў Пружанах — суд праходзіў у адкрытым рэжыме. Дачка палітзняволенай на старонцы актывісткі ў Instagram распавяла пра суд:

„Яе не ўдалося зламаць. На судзе Алена смела парыравала. А гэтак жа, як заўсёды, не змяняючы сабе, шмат і ўпэўнена казала праўду, якой бы страшнай і горкай яна ні была. Яна знаходзіла месца нават для жартаў. А таксама заявіла адвод пракурору, які ў выніку не быў прыняты.

Разбіральніцтва па „звароце да прэзідэнта” прайшло хутка і коратка. А вось справа па курдах доўжылася доўга.

Мы высветлілі, што Алене Пятроўне выдаюць ручку толькі на 30-60 хвілін у дзень. З-за абмежаванага часу яна не паспявае ўсім адказаць, але перадае вам вялікае прывітанне”.

16 чэрвеня пракурор запатрабаваў у суда пакараць Алену трыма з паловай гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. Менавіта такое пакаранне на наступную раніцу прызначыў суддзя Юрый Жытко. 

spring96.org

[manual_related_posts]