Актывісты АГП запрасілі падаткаплацельшчыкаў падпісаць зварот



Актывісты гарадзенскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі праз падаткавыя інспекцыі запрасілі гарадзенцаў падпісацца супраць Дэкрэта №3. У падаткавых інспекцыях Ленінскага і Кастрычніцкага раёна Гародні з’явіліся ўлёткі-запрашэнні на офіс партыі, дзе адбываецца штодзенны подпіс супраць так званага “дэкрэта аб дармаедах”.

Кажа актывіст АГП Ігар Банцар:

– Гэта робіцца для таго, каб як мага больш людзей маглі паставіць свае подпісы, таму што многія прыходзяць і не ведаюць, як зрабіць. Таму інфармацыя і была размешчана. Мы гэта адмыслова зрабілі ў падаткавай, таму што многія прыходзяць у падаткавую, каб даведацца адносна “лістоў шчасця”, якія яны атрымалі. Гэтыя людзі ідуць туды ўжо крыху дасведчаныя, нічога ім не трэба тлумачыць і пераконваць, і мы проста падказалі, дзе і калі гэта можна зрабіць.

У гарадзенскім офісе  Аб’яднанай грамадзянскай партыі, што па вуліцы Будзённага, 48а за апошні тыдзень назіраецца вялікая актыўнасць – сюды ідуць гарадзенцы рознага ўзросту, якія падпісваюцца супраць Дэкрэту №3. Апроч гэтага актывісты АГП і прафсаюза РЭП у Гародні падалі заяўку на дэманстрацыю, якая  плануецца 19-га лютага па маршруце ад плошчы Леніна да Савецкай.

Беларускае Радыё Рацыя