Актывісты па абароне Трактарнага пасёлка правялі сход



Актывісты па захаванні Трактаразаводскага пасёлку ў Менску правялі сход праціўнікаў зносу старых будынкаў.

Сярод рашэнняў была ўхваленая прапанова прыцягнуць да перапіскі з уладамі кваліфікаваных юрыстаў, а таксама працягнуць кампанію па зборы подпісаў у падтрымку захавання ўнікальнай забудовы. Усяго за мінулыя падпісныя кампаніі ўжо падпісалася больш за тысячу чалавек.

Прадстаўнікі ўлады адмаўляюцца прызнаць каштоўнасць гэтых кварталаў, якім пагражае знос, кажа грамадскі актывіст і жыхар Трктаразаводскага пасёлка Антон Жылко:

Каштоўнасць ёсць і ў гэтых будынках, і сам Трактаразаводскі пасёлак уяўляе вялікую гісторыка-архітэктурную каштоўнасць. Больш таго, нават Міністэрства культуры у сваіх адказах на звароты грамадзян і актывістаў падкрэслівала, што трохпавярховыя будынкі ўяўляюць пэўную культурную і гістарычную каштоўнасць. Гэта прызнаецца нават, часткова, уладамі. Людзі гэта ўсведамляюць і гэтую думку падзяляюць і многія мясцовыя жыхары.

Мясцовыя ўлады спасылаюцца на сваё рашэнне 10-гадовай даўніны, дзе на месцы двух кварталаў пасляваеннай забудовы павінны з’явіцца новыя паці-сяміпавярховікі па тыповых праектах. Жыхары пасёлка патрабуюць скасаваць гэтае рашэнне і правесці новыя грамадскія слуханні.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя