Актывісты Руху «За Свабоду» падалі заяўку на мітынг у Слуцку



Мітынг «За Свабоду слова і годнае жыццё» запланаваны ў Слуцку на 7 траўня. Заяўку ў мясцовы райвыканкам падалі сёння актывісты Руху «За Свабоду».

Акцыя прымеркаваная да сусветнага Дня свабоды друку. На ёй збіраюцца абмеркаваць праблемы са свабодай слова ў Беларусі, а таксама сацыяльна-эканамічныя, экалагічныя праблемы рэгіёну.

Заяўка пададзеная на дазволенае ў Слуцку месца для масавых мерапрыемстваў — гарадскі парк культуры і адпачынку па вуліцы Віленскай. Запланаваны пачатак акцыі — 14.00. Арганізатары разлічваюць сабраць да 100 чалавек.

«Мы спадзяемся атрымаць дазвол на правядзенне мітынгу, бо вытрымалі ўсе патрабаванні заканадаўства, пазначылі абавязацельствы. Але не надта на яго разлічваем, бо сацыяльна-эканамічны стан у краіне — складаны, і ўлады гатовыя на ўсё, каб незадаволенасць беларусаў не вылілася на вуліцы», — сказаў абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Віталь Амяльковіч.

Ён выказаў спадзеў, што Слуцкі райвыканкам не пойдзе шляхам калегаў з Менгарвыканкаму перад Днём Волі і дасць адказ у адведзены законам тэрмін — не пазней, чым за 5 дзён да акцыі. Гэта значыць, што вынікі разгляду чакаюцца да 2 траўня.

pyx.by