Актывісты ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 года на Лідчыне



Грамадскія актывісты з Ліды, Бярозаўкі, Воранаўшчыны і Менска традыцыйна ўшанавалі памяць пра паўстанцаў 1863 года. Яны разам наведалі ўрочышча “Крыжы”, што месціцца на Лідчыне паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы, на месцы, дзе адбыўся бой між паўстанцамі і царскімі войскамі і дзе пахаваныя беларускія патрыёты.

Прадстаўнікі грамадскай супольнасці пры гэтым адзначылі важнасць наведвання і захавання гістарычнай памяці аб такіх мясцінах, якіх у Беларусі і так не шмат.

– Сапраўды мы прыязджаем сюды не першы год і я вельмі рад, што людзей не менее, а нават более. Аптыміз у людзей не падае. І тыя, якія памерлі, мы іх памятаем. Іх смерць не дарэмная. Тое, што яны рабілі, мы працягваем рабіць – змагаемся за Беларусь і за беларушчыну.

– Гэта і падпітка такая энергетычная для нас. І нашае абяцанне не складаць рук, не дазваляць нейкім абставінам адсунуць нас ад змагання, ці спыніць тую працу, якую мы ўзялі на сябе, якую мы нясем, дзеля таго каб дамагчыся рэалізацыі тых ідэалаў, за якія паўстанцы паклалі свае жыцці.

Нагадаем, што грамадскай супольнасцю Лідчыны была пададзена заяўка ў мясцовы райвыканкам на правядзенне імшы і памятных мерапрыемстваў ва ўрочышчы “Крыжы”. І чацвёрты год запар чыноўнікі адмовілі ў яе задавальненні. Але чарговы раз гэта не стала падставаю, каб не аддаць даніну павагі памяці загінулым паўстанцам.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара