Актывісты ўшанавалі памяць вязняў Бярозы-Картузскай



Палітычныя і грамадскія актывісты Бярозы і Менску правялі ў Бярозе акцыю каля помніка палітычным вязням канцлагера ў Бярозе-Картузскай. Былі запалены знічы і ўскладзены вяночак з бал-чырвона-белай стужкай.

Госці выступілі з прамовамі, святар праваслаўнай аўтакефальнай царквы айцец Вікенцій адслужыў малебен, бард Зміцер Захарэвіч выступіў з музычным нумарам. Акцыя, пачатая кіраўніком Руху cалідарнасці „Разам” Вячаславам Сіўчыкам 10 гадоў таму, ладзіцца з тых часоў штогод, кажа сустаршыня руху Алена Талстая:

– Мэтай нашай акцыі было падкрэсліць, што Беларусь не павінна быць закладніцай у чужых войнах. Менавіта таму, што на нашай зямлі праходзілі войны ініцыяваныя Расеяй, а Расея – гэта заўсёды вайна. Нашая краіна цярпела ў міжваенны перыяд і падчас Другой сусветнай вайны, тое самае пагражае нам і сёння. Мы тут, каб нацыянальная памяць беларусаў жыла.

Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

З 1934 па 1939 год у канцлагеры ўтрымліваліся не толькі крымінальнікі, а і палітычныя праціўнікі Рэспублікі Польшчы: камуністы, дзеячы беларускага, яўрэйскага і ўкраінскага нацыянальных рухаў ды польскія палітычныя апаненты Юзафа Пілсудскага.

Беларускае Радыё Рацыя