Ала Берналь: Галадае ўжо шэсць чалавек



Актывістка руху “Маці 328” Ала Берналь распавяла, чаму вырашыла пайсці на галадоўку.

Нагадаем, што з 16 ліпеня ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна трымаюць галадоўку некалькі жанчын. Усе яны – актывісткі руху “Маці 328”. Жанчыны змагаюцца за справядлівыя прысуды і змяншэнне тэрмінаў зняволення па вядомым “наркатычным” артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса.

Ала Берналь: Пачыналі дзве жанчыны галадаць, але яшчэ чатыры далучыліся на некалькі дзён. Усё ж такі людзі ва ўзросце, не ўсе доўга вытрымліваюць.

Паставілі ў вядомасць Пухавіцкі райвыканкам, а сёння даслалі ліст урачам, каб яны былі ў курсе, што мы трымаем галадоўку. Калі ў мінулым годзе 22 дні галадалі, то медыкі да нас прыязджалі, сачылі за тым, як сябе адчуваем.

РР: Колькі зараз дзён паспрабуеце пратрымацца?

Ала Берналь: Вырашылі, што акцыю пратэсту працягнем да таго часу, пакуль не пачуем адказы на нашы пытанні. Праўда, пакуль улада маўчаць, не рэагуюць на нашу галадоўку.

РР: Якія вашы асноўныя патрабаванні?

Ала Берналь: Хочам сустрэцца з кіраўніком Беларусі, каб абмеркаваць нашы праблемы. Так, прадстаўнікі нашага руху ўжо сустракаліся і з Наталляй Качанавай, якая раней кіравала Адміністрацыяй прэзідэнта, і з міністрам унутраных спраў Караевым.

Безумоўна, былі пэўныя саступкі, але нам абяцалі, што будзе памілаванне тым, хто сядзіць па “наркатычным” артыкуле, а нікога так і не памілавалі акрамя аднаго чалавека.

Адным словам, адчуваем сябе падманутымі. Таму паспрабуем звярнуць увагу на нашы праблемы. Пабачым, колькі пратрымаемся, і які будзе вынік. За дзяцей можна і пацярпець.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя