Алег Гулак уключаны ў камісію па назіранні за турмамі



Старшыня праваабарончай арганізацыі „Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Алег Гулак увайшоў у склад рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі Беларусі. Цяпер у яго будзе права наведваць калоніі і турмы, праводзіць маніторынг умоў утрымання асуджаных.

У каментары БелаПАН праваабаронца адзначыў, што БХК некалькі гадоў звяртаўся ў Мінюст з просьбай уключыць членаў камітэта ў склад камісіі, але кожны раз чыноўнікі адмаўлялі.

„Вядома, горы звярнуць нам наўрад ці ўдасца, — адзначыў Гулак. — Але досвед калег паказвае, што эфект ёсць. Трэба звяртаць увагу на парушэнні, адлюстроўваць гэта ў справаздачах. Цяпер, на жаль, на сайце Мінюста публікуецца кароткі агляд дзейнасці камісій, без канкрэтных заўваг і прапаноў”.

Акрамя Алега Гулака ў склад рэспубліканскай камісіі ўваходзяць прадстаўнікі шэрагу іншых грамадскіх аб’яднанняў. У іх ліку — Таццяна Краўчанка (Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў), Галіна Чыгрынава (Беларуская грамадская арганізацыя салдацкіх маці), Леанід Бароўскі (Беларускі фонд культуры), Канстанцін Андрончык (Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа), Васіль Літвінка (Хрысціянскае служэнне духоўнаму адраджэнню асуджаных), Уладзімір Пікулік (Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла), Яўген Мікульчык (Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў) і Сяргей Трахімёнак (Саюз пісьменнікаў Беларусі).

belapan.by

Фота bel.biz