Алег Латышонак: Украінцы пакінутыя на саміх сябе



“Я не верыў у гэтую вайну, але аказалася, што любое шаленства ёсць магчымае”, – так вайну ва Украіне каментуе прафесар, гісторык Алег Латышонак. Ён таксама лічыць, што нават жыхары польскага памежжа цяпер не могуць адчуваць сябе бяспечна.

РР: Спадар прафесар, якая ваша першая рэакцыя была, калі 24 лютага дазналіся пра тое, што ўсё ж такі Расея пачала ваенную агрэсію?

Алег Латышонак: Мне проста хацелася плакаць, бо я не верыў, што такое шаленства можа адбыцца і ўсім казаў, заспакойваў, што гэта немагчыма, што гэта нерэальна. Але аказалася, што на свеце кожнае шаленства магчымае.

РР: Прагназаваць штосьці цяжка. Калі верыць аналітыкам, калі верыць інфармацыі амерыканскай выведкі, якая, дарэчы, спраўдзілася, якая папярэджвала, што будзе вайна, хоць і не хацелася ў гэта верыць, усё ж такі галоўная мэта Уладзіміра Пуціна – гэта захоп улады ў Кіеве. Ці вы таксама так думаеце?

Алег Латышонак: Тут ужо няма чаго думаць, гэта відавочна. І, відаць, ніхто гэтага не чакаў, бо ўсе чакалі пашырэння тэрыторый гэтых толькі што прызнаных рэспублік у Данбасе, прабіванне калідора ў Крым. Але таго, што асноўная атака пойдзе на Кіеў, не спадзяваўся ніхто. І відавочна, што таксама і ўкраінскі ўрад не спадзяваўся, бо злёгка расейцы падыйшлі пад Кіеў і ў сам Кіеў, уварваліся ў Кіеў.

РР: Ці робяць усё дастаткова на гэты момант Еўразвяз і Злучаныя штаты? Бо разумеем, што санкцыі прынятыя беспрэцэдэнтныя, якіх не было, але яны будуць мець у большасці аддалены эфект. А лёс Кіева вырашаецца сёння.

Алег Латышонак: Але тут ніхто больш не можа зрабіць. Еўрапейскія краіны, Амерыка, НАТА – яны не саюзнікі Украіны. Тым больш яны не хочуць развязаць Трэцюю сусветную вайну. Я можа і цынічна скажу, але ўкраінцы пакінутыя на саміх сябе.

РР: Але зброю можна і паветраную прастору закрыць, як прасіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Алег Латышонак: Зброя, як кажуць, плыве безупынна. І толькі такое і можна зрабіць у гэтай сітуацыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]