Алег Маісееў: Дзе гэты аб’ядноўваючы высілак?



Удзельнік „Форуму дэмакратычных сіл”, які прайшоў у траўні ў Варшаве, менчук Алег Маісееў прыйшоў у актыўную палітыку пад уплывам блогера Сяргея Ціханоўскага.

Ён быў у ініцыятыўнай групе Ціханоўскага-Ціханоўскай, затым пайшоў у Каардынацыйную раду. Выехаў за мяжу часова, але давялося затрымацца з-за новых крымінальных артыкулаў супраць Каардынацыйнай рады.

Раз’яднанне дэмсіл шкоднае ў барацьбе з рэжымам, кажа актывіст Алег Маісееў:

– Мы ўвесь гэты час ішлі да аб’яднання. Глядзіш, адны сядзяць у Літве, іншыя сядзяць у Польшчы, то бок Латушка, Кавалькова. Дзе гэты аб’ядноўваючы высілак?

Ёсць пытанні ў Алега Маісеева і па фінансах, якія выдзяляюцца на дзейнасць апазіцыі. Актывіст лічыць, што фінансавыя справы не павінны выклікаць у людзей недавер. Яны павінны быць на колькі магчыма празрыстымі і адкрытымі:

– Знаходзячыся ў штабе Святланы Ціханоўскай з’явілася ідэя пра стварэнне назіральнай рады за фондамі, каб гэта было празрыстая дакументацыя. Можна не паказваць людзей, каму дапамагаюць, але асноўныя сумы, ахвяраванні, як яны расходуюцца, людзі павінны бачыць.

Паводле Алега Маісеева, пасля агучвання яго ініцыятыў па аб’яднанні і стварэнні назіральнай рады, ўваход у штаб Святланы Ціханоўскай для яго быў заблакаваны.

Беларускае Радыё Рацыя