Алег Трусаў: Гэта толькі пачатак…



Выконваючы абавязкі рэктара Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў распавёў, як пачаліся курсы і прайшлі майстар-класы пры ўніверсітэце.

 

Алег Трусаў: Паколькі для правядзення курсаў ліцэнзаванне не патрэбна, то ўжо 24 верасня адбыліся першыя заняткі. У межах гэтых курсаў таксама прайшлі майстар-класы, на якія запрашаліся не толькі тыя, хто запісаўся на курсы, але і ўсе жадаючыя. Першы такі майстар-клас праводзіў наш знакаміты гісторык і літаратар Уладзімір Арлоў, затым была сустрэча з Андрэем Дынько. Адным словам, працэс ідзе.

РР: Першы блін не выйшаў камяком?

Алег Трусаў: Можна толькі парадавацца таму, што на курсы запісваецца ўсё больш людзей. Напачатку запісалася толькі 7 чалавек, а зараз ужо 15. Паціху людзі прыходзяць, цікавяцца… Мяркую, што гэта толькі пачатак.

РР: З кім пройдуць наступныя майстар-класы?

Алег Трусаў: Плануецца сустрэча з журналісткай Святланай Калінкінай, але пакуль гэта яшчэ пад пытаннем. Таксама пройдуць заняткі з музыкантам Андрусём Такіндангам, бардам Эдуардам Акуліным і паэтам Леанідам Дранько-Майсюком. Дарэчы, будуць і выязныя майстар-класы. Нас ужо запрасілі ў Наваполацк, Полацк і Ліду. Там абудуцца сустрэчы кіраўніцтва ўніверсітэта з грамадскасцю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя