Алег Воўчак: Міліцыі не трэба крыўдаваць на люстэрка



Праваабаронца Алег Воўчак распавядае пра тое, чаму ўсе сілавікі павінны прайсці тэставанне на дэтэктары хлусні.

Пасля рэзананснай трагедыі, калі п’яны выканаўца абавязкаў начальніка баранавіцкай ДАІ насмерць збіў жанчыну, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што трэць тых супрацоўнікаў ДАІ, якія праходзілі праверку на дэтэктары хлусні, гэтую працэдуру не прайшлі, і з імі не будзе працягнуты кантракт.

Са слоў Шуневіча, кожны супрацоўнік, які будзе набліжацца да працягу кантракта, пройдзе гэту працэдуру.

Алег Воўчак: Правяраць работнікаў МУС на дэтэктары хлусні трэба не падчас працягу кантрактаў, а перад прыняццем чалавека на службу. Хаця, калі ўжо вырашылі зараз праверыць ДАІшнікаў, то вынікі тэставання не з’яўляюцца прамым доказам, што чалавек, напрыклад, бярэ хабар альбо злоўжывае спіртнымі напоямі. Гэта ўскосныя факты, таму нават звальняць тут, па вялікаму рахунку, не маюць права. Дэтэктар – гэта адзін з кампанентаў праверкі псіхалагічнага стану супрацоўніка. Але няхай правяраюць, можа быць такім чынам яны вырашылі праводзіць рэформу ў сістэме МУС. Хаця такое тэставанне не паўплывае на саму сістэму, якая пабудавана сілавікамі.

РР: Чаму правяраюць толькі супрацоўнікаў ДАІ?

Алег Волчак: Я таксама гэтага не разумею. Калі ўжо ўзяліся, што называецца, за гуж, то трэба правяраць усіх супрацоўнікаў міліцыі. І ў першую чаргу – начальства, бо, як кажуць, рыба гніе з галавы. І загады шараговым супрацоўнікам ідуць у асноўным зверху.

РР: Міністр унутраных спраў паскардзіўся на часам перадузятае стаўленне да міліцыі з боку незалежных СМІ, грамадства…

Алег Воўчак: А такія скаргі пастаянна чуваць, калі самі міліцыянты пачынаюць фігураваць у скандальных альбо нейкіх карупцыйных справах. Натуральна, усё гэта з’яўляецца ў Інтэрнэце, і гэта не нечая выдумка, а рэальныя факты. Таму навошта крыўдзіцца на люстэрка? Калі сілавікі самі сябе не будуць кампраметаваць, то адмыслова ніхто гэта рабіць не збіраецца. Але, відаць, міліцэйскія чыноўнікі лічаць, што лепшая абарона – гэта нападзенне. А ўвогуле, калі ўсе супрацоўнікі міліцыі пройдуць праверку на дэтэктары хлусні, то не будзе каму працаваць. Хаця ў міліцыі, наколькі мне вядома, і так вялікая праблема з кадрамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя