Алега Волчака аштрафавалі на 45 базавых велічыняў



Кіраўніка праваабарончага цэнтра „Прававая дапамога насельніцтву” (зарэгістраваны ва Украіне) Алега Волчака суд Фрунзенскага раёна Менска аштрафаваў за ўдзел у „Маршы абураных беларусаў” 17 лютага. Прысуд быў вынесены пасля таго, як праваабаронцу з гіпертанічным крызам з залы суда павезла хуткая дапамога, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Судовы працэс над праваабаронцам адбыўся 4 ліпеня. Падчас разбору Волчаку стала кепска, аднак на скаргі пра дрэннае самаадчуванне суддзя не адрэагаваў. Хуткую дапамогу выклікалі прысутныя ў зале.

Суддзя Яўген Пісарэвіч адхіліў хадайніцтва Волчака даць адвод сакратару суда, якая рассылала паведамленні на тэлефоны яго сяброў, запрашаючы ў суд. Таксама суддзя адхіліў сведак абароны: старшыню Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і Галіну Лагацкую. Яны павінны былі засведчыць, што Волчак у час правапарушэння, якое яму інкрымінуецца, знаходзіўся ў іншым месцы.

Воўчак заявіў хадайніцтва аб адводзе суддзі, які пайшоў раіцца.

Пасля таго, як праваабаронца з лекарамі пакінуў залу, суд працягнуўся. Завочна Волчака прыгаварылі да штрафу ў 45 базавых велічыняў.

На працэсе прысутнічала прыблізна 40 чалавек: сябры, знаёмыя, людзі, якім праваабаронца аказваў юрыдычную дапамогу, прадстаўнікі ЕЗ і спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці, які прадстаўляў АБСЕ.

21 сакавіка суд Фрунзенскага раёна Менска прыгаварыў Волчака на 13 сутак арышту за ўдзел у маршы 17 лютага. Менскі гарсуд адмяніў рашэнне Фрунзенскага суда і накіраваў справу на дадатковае расследаванне. На паўторным разглядзе 2 траўня Фрунзенскі суд пацвердзіў першапачатковае рашэнне — 13 сутак арышту. Волчак зноў падаў скаргу, якую суд разгледзеў 4 ліпеня, піша БелаПАН.

Фота belprauda.org